2011-06-30 13:04:15

Бэнэдыкт XVI уручыў “Прэміі Ратцынгера”


RealAudioMP3 30 чэрвеня ў Ватыкане адбылося ўручэнне нядаўна заснаванай “Прэміі Ратцынгера”, арганізатарам якой з’яўляецца “Ватыканскі Фонд Ёзэфа Ратцынгера – Папы Бэнэдыкта XVI”, заснаваны 26 лістапада 2010 г. Першымі пераможцамі прэміі сталі: італьянец Манліо Сімонэцці, прафесар старажытнай хрысціянскай літаратуры, кс. Алегарыё Ганзалес дэ Кардэдаль з Іспаніі, аўтар шматлікіх кніг па сістэматычнай тэалогіі, і кс. Максіміліян Хейм з Германіі, які з 2007 г. з’яўляецца прафесарам фундаментальнай і дагматычнай тэалогіі ва ўніверцітэце Хайлігенкройц.

Падчас цэрымоніі ўручэння прэміі Святы Айцец звярнуўся да прысутных з прамовай, у якой паразважаў аб ролі тэалогіі сярод іншых навук. “Традыцыя кажа, што тэалогія – гэта навука веры. - сказаў Пантыфік - Але ці не супярэчыць гэты выраз сам сабе? Ці не перастае навука быць навукай, калі падпарадкоўваецца веры?”. Папа заўважыў, што, каб даць адказ менавіта на гэта пытанне, былі напісаны шматлікія навуковыя працы. Святы Айцец адзначыў, што галоўным пытаннем для тэалогіі з’яўляецца пошук праўды. “Калі Хрыстус з’яўляецца Логасам, праўдай, чалавек павінен адказваць Яму сваім логасам, сваім розумам. Каб зразумець Хрыста, ён павінен быць на шляху да праўды. Павінен адкрыцца на Логас, на Ствараючы Розум, ад якога бярэ пачатак яго інтэлект і да Якога ён павінен скіроўвацца. Адсюль становіцца зразумелым, што хрысціянская вера, па сваёй прыродзе, патрабуе тэалогіі. Яна павінна грунтавацца на разуменні веры”.

“Сёння, многім здаецца, што толькі эксперэментальны шлях можа быць адзінай навуковай формай, - сказаў Папа - Тое, што не можа быць падцверджана навукова выходзіць за навуковыя рамкі. З апорай на гэту ідэю былі здзейснены вялікія рэчы; бо гэта сапраўды неабходна ў сферы пазнання прыроды і яе законаў.

Аднак, у такога спосабу мыслення, паводле Святога Айца, існуюць межы: Бог не з’яўляецца аб’ектам чалавечых эксперыментаў. Ён з’яўляецца суб’ектам і паказвае сябе ў адносінах паміж людзьмі, якія з’яўляюцца часткай чалавечай сутнасці”. У гэтым кантэксце Бэнэдыкт XVI адзначыў, што любоў, азначае жаданне пазнання іншага. “Таму Айцы Касцёла бачылі ў фундаменце хрысціянства пошук Бога, а філосафамі лічыліся тыя, хто прагнуў праўды і, такім чынам, знаходзіўся на шляху да Бога, - сказаў Папа - Калі няма такога выкарыстання розуму, усе вялікія пытанні чалавецтва становяцца ірацыянальнымі. Для гэтага сапраўдная тэалогія з’яўляецца важнай. Вера скіроўвае розум, каб адкрыцца на Боскае, і так кіруючыся любоўю і праўдай, чалавек можа блізка пазнаць Бога”, - адзначыў Папа.

“Прэміі Ратцынгера” плануецца ўручаць кожны год людзям, якія зрабілі значны ўклад у сучасную тэалогію.







All the contents on this site are copyrighted ©.