2011-06-29 13:33:38

Бэнэдыкт XVI першы ў гісторыі Папа, які адправіў паведамленне ў сацыяльнай сетцы


RealAudioMP3 “Дарагія сябры, я толькі што запусціў www.news.va. Пахвалёны Езус Хрыстус. З малітвай і благаслаўленнем, Бэнэдыкт XVI”. Такі тэкст першага ў гісторыі паслання Рымскага Пантыфіка ў сацыяльнай сетцы “Твітэр”, які вечарам 28 чэрвеня адправіў Бэнэдыкт XVI. Падчас адкрыцця новага інфармацыйнага партала Апостальскай Сталіцы www.news.va, Папа прыняў прапанову арцыбіскупа Клаўдыё Марыя Чэллі, старшыні Папскай рады па сродках масавай камунікацыі, каб уласнаручна скіраваць сваё благаслаўленне вернікам прысутным у інтэрнэце. “Хачу сказаць, што Папа з вялікай радасцю і энтузіазмам прыняў гэту ідэю”, - расказаў ватыканскаму выданню “L’Osservatore Romano” арцыбіскуп Чэллі. Падзея, якая адбылася ўчора нагадвае 12 лютага 1931 г., калі папа Пій ХІ, адкрываючы Ватыканскае радыё, па-лацінску сказаў у мікрафон: “Слухайце о нябёсы, тое што я гавару; слухай зямля словы з маіх вуснаў. Слухайце о народы далёкіх земляў”. З таго часу мінула больш за 80 гадоў і свет перажыў шмат пераменаў, асабліва ў тэхналагічнай сферы. Змяніліся часы, але канешне не змянілася пасланне.

У інтэрв’ю “L’Osservatore Romano”, арцыбіскуп Чэллі, звярнуў увагу на важнасць таго, каб прысутнасць хрысціян у інтэрнэт-прасторы, характарызавалася палядоўнай, годнай, адкрытай камунікацыяй з павагай да іншых. “Такой з’яўляецца і камунікацыя Касцёла”, - адзначыў іерарх.

Кіраўнік папскай дэкастэрыі расказаў, што Папа мае цікавасць да інтэрнэта. “Бэнэдыкт XVI, чалавек навукі і дыялога. Ён ведае, што інтэрнэт адкрывае вялікія магчымасці для таго, каб устанаўліваць новыя адносіны і будаваць еднасць, - сказаў іерарх - Папа хоча сустракаць чалавека ва ўсіх сферах яго штодзённага жыцця і адносінаў, уключаючы лічбавую прастору”. “Лічбавы свет таксама складаецца з людзей. Свабодных людзей і Касцёл павінен быць паміж імі, для таго каб несці ім свае каштоўнасці, каштоўнасці аб якіх кажа Евангелле - адзначыў арцыбіскуп Чэллі - Для таго, каб быць зразумелым, неабходна таксама выкарыстоўваць мову гэтага народа і Папа аб гэтым ведае цудоўна. “Аб гэтым ён казаў у сваім пасланні на Сусветны дзень масавай камунікацыі: “Перадаваць Евангелле праз новыя СМІ не азначае толькі размяшчаць рэлігійны змест на розныя платформы, але таксама паслядоўна сведчыць аб ім на сваім лічбавым профілі і сваім спосабам камунікацыі, сваімі выбарамі, меркаваннямі, якія маюць глыбокія карані ў Евангеллі”, - нагадаў іерарх.

Арцыбіскуп Чэллі адзначыў, што ўсе гэтыя прынцы з’яўляюцца фундаментам і філасофіяй новага партала, які пачаў сваю працу ўчора. Іерарх яшчэ раз нагадаў, што новая інфармацыйная платформа Апостальскай Сталіцы www.news.va змяшчае навіны, праграмы і інэрв’ю прадстаўленыя іншымі ватыканскімі СМІ.








All the contents on this site are copyrighted ©.