2011-06-28 16:19:22

“Homo caritatis”. Права на свабоду веравызнання


RealAudioMP3 Мы працягваем разважанні аб ролі хрысціяніна ў палітычнай і грамадскай сферы. У мінулых праграмах мы ўжо разглядзелі такія прыярытэтныя аспекты дзейнасці, як абарона права на жыццё, абарона інстытуту сям’і, а таксама абарона права бацькоў на выбар формы выхавання для сваіх дзяцей. Сёння мы паразмаўляем аб яшчэ адной фундаментальнай сферы дзейнасці палітыка хрысціяніна, а менавіта, аб спрыянні захаванню права на свабоду веравызнання. Гэта праблема, аб якой жыхары Беларусі добра ведаюць, перажыўшы доўгія гады пераследаў і змагання з рэлігіяй, не перастае губляць сваёй актуальнасці, у розных кутках свету.

Адсутнасць павагі да права на свабоду веравызнання ў сучасным свеце

Гаворачы аб праве на свабоду веравызнання, неабходна звярнуць увагу на дзве рычы: па-першае на адсутнасць павагі да гэтага права ў сучасных грамадствах, а па-другое на фундаментальную важнасць гэтага права для супольнага жыцця людзей. Пачнем з першага – з адсутнасці павагі да права на свабоду веравызнання. Відавочна, што ў свеце існуюць рэжымы, якія маюць атэістычныя ідэалогіі і адкрыта змагаюцца з рэлігіяй (напрыклад Кітай і Куба); існуюць фундаменталісцкія рэжымы (як ў Іране ці ў Саўдаўскай Аравіі), у якіх іншыя рэлігіі забаронены, а іх вызнаўцы пераследуюцца; акрамя таго, у дэмакратычных краінах Заходняга свету развіваюцца такія формы практычнага матэрыялізму, якія змагаюцца з рэлігіяй на культурным узроўні; у іншых дэмакратычных краінах існуюць варожыя да рэлігіі рэжымы, якія пераследуюць Цэрквы заканадаўчымі метадамі.

У многіх еўрапейскіх краінах са старажытнай хрысціянскай традыцыяй праводзяцца спробы забароны рэлігійных сімвалаў у публічных месцах, абмяжоўваецца магчымасць выкладання рэлігіі ў школе і ўводзяцца адукацыйныя праграмы, якія з’яўляюцца адкрыта атэістычнымі. Акрамя таго, назіраюцца спробы пазбаўлення рэлігійнага значэння хрысціянскіх святаў, перш за ўсё Божага Нараджэння, а таксама разумення нядзелі, як выходнага дня. Што тычыцца хрысціян, то неабходна прызнаць, што ўжо на працягу доўгага часу ў розных частках свету яны перажываюць сапраўдны пераслед, аб чым кажуць справаздачы шматлікіх міжнародных арганізацый.

Права на свабоду веравызнання – фундамент іншых правоў

Папа Бэнэдыкт XVI у сваёй апошняй энцыкліцы “Caritas in veritate” (“Любоў у праўдзе”), адзначае, што “калі дзяржава прапагандуе, навучае або проста дыктуе пэўныя формы практычнага атэізму, яна пазбаўляе сваіх грамадзян маральнай і духоўнай моцы”. Сапраўды, права на свабоду веравызнання з’яўляецца такім жа фундаментальным, як і права на жыццё. Яно з’яўляецца крыніцай іншых правоў. Гэта права кажа нам, што ўсе іншыя правы не грунтуюцца толькі на жаданні чалавека, але на абсалютнасці Бога. Калі думаць, што ўсе правы не абсалютныя, а могуць быць зменены згодна з жаданнем чалавека, у такім выпадку заснаваць стабільнае грамадства у якім будзе паважацца чалавечая асоба немагчыма. Калі права на свабоду веравызнання не ўвойдзе ў публічнае жыццё, як неад’емная частка, грамадства будзе хісткім, бо пазбавіцца свайго фундамента. Адным з шляхоў пазбаўлення грамадзян гэтага права з’яўляюцца палітычныя рашэнні. У такім выпадку нараджаецца новая рэлігія, а менавіта рэлігія дзяржавы, якая замяняе сабой усе іншыя рэлігіі.

Неабсалютнасць права на свабоду веравызнання

Аднак варта адзначыць таксама, што і права на свабоду веравызнання не з’яўляецца абсалютным. Яно нараджаецца з абавязку чалавека шукаць праўду. Чалавек адчувае ў сабе патрэбу пошуку поўнай праўды, якая дасць сэнс яго жыццю. Каб задаволіць гэту патрэбу асобы, павінна існаваць права на свабоду веравызнання. Без гэтага права пошук праўды чалавекам будзе абмежаваным.

Грамадства павінна спрыяць гэтаму пошуку, бо адна з яго мэтаў – разам шукаць гэту праўду. Людзі аб’ядноўваюцца не толькі для таго, каб задавольваць свае матэрыяльныя патрэбы, але таксама, каб дапамагчы адзін аднаму стаць асобамі. Такім чынам абавязак пошуку праўды, з’яўляецца супольным абавязкам. Але калі пошук праўды ідзе супраць прынцыпаў годнасці чалавека, у такім выпадку права на свабоду веравызнання павінна быць абмежаваным. Маюцца на ўвазе дэструктыўныя рэлігіі, якія прадугледжваюць ампутацыю чалавечых органаў, прынашэнне чалавечых ахвяраў, прастытуцыю, абавязковую стэрылізацыю, абмежаванне свабоды чалавека, рэлігійны фанатызм, гвалт, тэрарызм, палігамію. Усё часцей нашыя грамадствы сустракаюцца з падобнымі з’явамі і неабходна імкнуцца прадухіліць іх распаўсюд, бо яны не суадносяцца з праўдай аб годнасці чалавечага цела, полу і асобы. Хрысціянін у палітыцы павінен памятаць аб сапраўдным прызначэнні рэлігіі і мець здольнасць распазнаваць пагрозы, якія нясуць дэструктыўныя рэлігіі.

У такім выпадку хрысціянін задаецца пытаннем – а што дае грамадству мая рэлігія, у чым яе веліч і неабходнасць? Аб гэтым мы працягнем размаўляць у наступнай праграме.








All the contents on this site are copyrighted ©.