2011-06-28 15:02:21

Конга: “Caritas” змагаецца за правы сельскіх жыхароў


RealAudioMP3 Каталіцкая дабрачынная арганізацыя “Caritas” у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга хоча ўзмоцніць намаганні па дапамозе людзям у гэтай краіне адстойваць свае правы адносна горназдабыўных кампаній. Конга, а асабліва правінцыя Катанга на поўдні краіны, адзін з самых багатых прыроднымі рэсурсамі рэгіёнаў свету. Але насельніцтва не проста не можа карыстацца гэтым, а нават церпіць і жыве ў галечы, што з'яўляецца вынікам дзейнасці міжнародных горназдабыўных кампаній. Існуюць сур'ёзныя экалагічныя праблемы, напрыклад, забруджванне вады. Многія фермеры былі вымушаны пакінуць свае вёскі і палі, бо горназдабыўныя кампаніі проста займалі іх.

“Caritas” пачынае праект у трох дыяцэзіях у правінцыі Катанга, які мае на мэце пабудову грамадзянскай супольнасці. "Мы хочам інфармаваць насельніцтва аб яго правах і дапамагаць адстойваць гэтыя правы", - сказаў адзін з супрацоўнікаў “Caritas”. На яго думку, сама дзяржава не жадае або занадта слабая, каб кантраляваць захаванне закону ў сферы здабычы карысных выкапняў, таму гэта павінна зрабіць грамадзянская супольнасць. Сыравіна павінна здабывацца ў гуманных умовах, а краіны-імпарцёры, у сваю чаргу, павінны плаціць за яе адпаведныя грошы, якія б дазвалялі жыхарам краін здабывання весці годнае жыццё.







All the contents on this site are copyrighted ©.