2011-06-28 15:26:45

Канада: Касцёл ніколі не асуджае людзей з гомасексуальнымі схільнасцямі


RealAudioMP3 Канадскія біскупы звярнуліся з пасланнем да сваіх вернікаў. Яно атрымала назву: “Пастырскае служэнне сярод маладых людзей, якія маюць сексуальныя схільнасці да асоб таго ж полу”. Дакумент скіраваны да святароў, бацькоў, педагогаў, а таксама моладзі з гомасексуальнымі схільнасцямі, якой іерархі прапануць пастырскую падтрымку ў святле навучання Касцёла аб чалавечай сексуальнасці. “Касцёл ніколі не асуджае людзей з гомасексуальнай арыентацыяй, бо сама па сабе не з’яўляецца грахом ці маральнай віной”, - сцвярджаюць іерархі.

Біскупы нагадваюць, у прыватнасці, аб абавязку святароў і тых, хто працуе з моладдзю, “не сведчыць словамі ці практыкай несправядлівасці, нянавісці і гвалту ў дачыненні да гомасексуалістаў”. Іерархі заклікаюць духавенства, каб у сваіх парафіях садзейнічала “гасціннаму стаўленню” да іх, а вернікаў, ставіцца да гэтых маладых людзей з павагай і хрысціянскай любоў’ю. “Вернікі павінны сведчыць праўду Касцёла пра чалавечую сексуальнасць, насуперак ідэям свабоды, якія распаўсюджаны ў сучасным секулярызаваным грамадстве”, - падкрэсліваюць канадскія біскупы. Яны звяртаюць увагу на тое, што “сапраўдная хрысціянская свабода не ў тым, каб паддавацца жаданню рабіць тое, што хочацца, але у тым, каб прымаць тую праўду, якая робіць чалавека свабодным”.

Канадскія іерархі выказваюць “глыбокую падзяку ўсім, хто “з мудрасцю і любоў’ю дапамагае маладым людзям з гомасексуальнымі схільнасцямі: у першую чаргу святарам, іх супрацоўнікам, бацькам і педагогам”.







All the contents on this site are copyrighted ©.