2011-06-28 17:04:43

"З сэрцам у кантакце". Пра пілігрымку і полацкіх мучанікаў


RealAudioMP3 Сёння трошкі не тыповая тэма для перадачы «З сэрцам у кантакце». Не тыповая, бо гэта аб'ява пра падзею. (А можна нават сказаць, што рэклама). Вось жа з 5 па 10 ліпеня пройдзе XVII-я штогадовая грэка-каталіцкая пілігрымка з Віцебска ў Полацк у памяць аб забітых базылянскіх манахах.

Што ж гэта такое - паломніцтва!?

Многія чулі гэтае слова, «паломніцтва», але ня многія дакладна ўяўляюць сабе што яно азначае. «Гэта чё, ціпа паход, ці што?» - Бывае, што задаюць такое пытанне.Так, можна і сказаць, што «паход» - паход з Богам!

Наступнае пытанне, якое звычайна задаюць такое: «А навошта ж ісці 110 км пешшу, калі можна дома або, на худы канец, у царкве памаліцца?». Справа ў тым, што паломніцтва - гэта наша жыццё ў мініяцюры. Тут, у гэтым экстрэмальным «рэлігійным паходзе», вы даведаецеся хто вы на самой справе. Не марнуйце грошы на дарагіх псіхолагаў - выдаткуйце грошы на квіток да Віцебска!

Што вас чакае? Вас чакаюць новыя цікавыя знаёмствы, людзі якія знайшлі і якія шукаюць Бога ў сваім жыцці, малітва, дарога і, вядома ж, мазалі. Вас чакае дзіўнае час, час, калі можна пражыць усё сваё жыццё за некалькі дзён. Вы хацелі б ведаць на што вы здольныя? Тады ёсць яшчэ час, каб прыняць рашэнне і купіць квіток да Віцебска. Тым, хто ўжо прыняў рашэньне ўзяць удзел у пілігрымцы, я прапаную запісаць нумар тэлефону для інфармацыі: 5662414 (МТС).

Полацкія мучанікі

У пілігрымцы Віцебск — Полацак мы ўшаноўваем мучанікаў, манахаў-базылянаў. Дазвольце ж, тут коратка распавесьці гісторыю іх мучаніцтва. Свой аповед я хачу зрабіць
на падставе дадзеных выкладзеных у зборніку дакументаў пад рэдакцыяй Міхася Баўтовіча. Гэты зборнік пад назвай «Полацкія пакутнікі» быў выдадзены полацкім выдавецтвам «Сафія» на беларускай мове ў 2000 годзе.

Вось некалькі слоў пра тое, што адбылося 11 Ліпеня 1705 у Сафійскім саборы ў г. Полацку. Цар Пётр I, які ў той час быў у Полацку, напярэдадні адзначаў свае імяніны (дзень святых Пятра і Паўла) п'янкай і гуляннем. На наступны ж дзень, 11 ліпеня, цар разам з Меншыкавым і іншымі афіцэрамі ўвайшлі ў царкву пад час вячэрні. Айцец Тэафан (Кальбячынскі) хацеў павітаць цара, але той абарваў яго: «Полно ша» і адвярнуўся.

Пётр I пачаў пахаджваць па храме, разглядаючы абразы, некаторыя ж манахі ішлі за ім. Калі ж цар падышоў да капліцы, у якім вісела ікона святога Язафата Кунцэвіча, то спытаў айца вікарыя (намесніка ігумена) Канстанціна (Заянчкоўскага): «Чыя выява на гэтым абразу?». Іераманах адказаў: «Блаславёнага Язафата». А Пётр на гэта:

- Які ён святы? - Вікарый адказаў, што Язафат быў святамучанікам.

- Хто яго замучыў? - Працягваў пытацца цар.

- Віцебчукі. - Адказаў а. Канстанцін.

- Што за людзі? - Пытаецца.

- Шляхта і мяшчане - Быў адказ.

- Якой веры? - Цар нарэшце дасягнуў сваёй мэты дыялогу.

На гэтае пытанне іераманах адказаў маўчаннем, аднак жа Меньшыкаў падскочыў да манаха і пытаўся горача і шматкроць: «Гавары ж, якой веры?» На гэта вікарый адказаў: «Той жа, што і Ваша міласьць». Пётр I, як толькі пачуў такі адказ, стукнуў а. Канстанціна кулаком у зубы, так што той заліўся крывёю, а потым стукнуў кіем па галаве. Пасьля гэтага расейскі цар выхапіў шаблю і адсек іераманаху нос і вушы, і загадаў павесіць яго.

Наступнай ахвярай стаў а. Тэафан (Калбячынскі), прапаведнік полацкага манастыра. Яго прывалаклі да цара, усё да той самай капліцы святога Язафата, і спыталі: "Ці ты прапаведнік?». Ён сказаў, што гэта так. Яму загадалі расшпіліць каўнер падрасніку, і, схапіўшы за валасы, цар і Меньшыкаў некалькі разоў рапірамі або шпагамі працялі яму горла з такой лютасцю, што ледзь не патрапілі адзін у аднаго.

У той час у іншай частцы храма, як толькі цар напаў на а. Канстанціна, афіцэры, якія былі з Пятром I, пачалі штыкамі калоць і нагамі таптаць іншых манахаў. Пасля гэтай крывавай расправы расійскі цар выйшаў на могілкі да жаночага манастыра, сеў на зямлю і выціраў скрываўленыя рукі аб траву. Потым пайшоў да манастыра, дзе яго сустракалі перапуджаныя сёстры. Ён жа казаў ім: «Ня бойцеся! Нічога вам не будзе », і загадаў прынесці сабе піва і піў.

У гэты час а. Клемент (Разьнятоўскі), які падчас расправы збег, далажыў суперыёру (ігумену) Якубу (Кізякоўскаму) аб трагедыі ў храме. Пачуўшы гэта суперыёр, адразу паспавядаўся а. Клементу і, апрануўшыся ў манаскае адзенне і мантыю, хацеў ісьці на могілкі, кажучы: «Jam venit hora mea» (па-лацінску - «прыйшоў час мой», параўнай Мц 26,45). Айцец Клемент жа два разы спрабаваў паўстрымаць яго, каб той застаўся на месцы ў чаканні Божай волі... У гэты ж час у манастырскую браму пачалі званіць. Калі пазванілі ў трэці раз, ігумен дабраславіў субрата знакам крыжа ды выйшаў праз браму. Адразу ж былі чутныя крыкі і валтузня, калі схапілі яго.

Айцец Якуб быў схоплены і дастаўлены да цара ў шацёр. Тут над ім здзекаваліся і катавалі, а таксама пыталіся пра тое, дзе знаходзяцца мошчы святога Язафата і царкоўнае начыньне, пра што той ня ведаў. Увечары гэтага ж дня ігумен памёр ад катаванняў.

Да намесніка ігумена, Канстанціна (Заянчкоўскага), перш чым павесіць яго, каты прывялі «маскоўскага» святара, які падбухторваў яго, кажучы: «Каб унію пракляў і праваслаўе прыняў». З ганьбай адаслаў яго а. Канстанцін, кажучы: «Прэч ідзі, сыне д'ябла! Я сёння Богу майму склаў ахвяру (у Эўхарыстыі - А.Б.) і цела Хрыстова прыняў, я гатовы памерці і памру за адзінства Веры святой праваслаўнай ...».

Акрамя гэтых трох пакутнікаў былі яшчэ два: іераманах Якуб (Кнышевіч) - быў ён пасечаны царскімі афіцэрамі ў іншай частцы храма і памёр праз некаторы час ад ран. Другім быў манах Язэп (Анкудовіч) - ён таксама, як і а. Якуб быў пасечаны афіцэрамі, аднак выжыў, каб сведчыць аб злачынстве.

Вось такая гісторыя, дакладней гістарычныя факты. Цікава, ці каму-небудзь распавядалі пра гэта на ўроках у школе








All the contents on this site are copyrighted ©.