2011-06-28 14:41:12

Бэнэдыкт XVI прыняў членаў дэлегацыі Канстантынопальскага Патрыярхата


RealAudioMP3 28 чэрвеня Бэнэдыкт XVI сустрэўся з членамі дэлегацыі Канстантынопальскага Патрыярхата, якія прыбылі ў Рым з нагоды ўрачыстасці св. апосталаў Пятра і Паўла. У сваёй прамове да пасланнікаў Патрыярха Барталамея І, Святы Айцец адзначыў, што іх прысутнасць у Рыме, як і прысутнасць пасланнікаў Папы ў Канстантынопалі на ўрачыстасці ў гонар св. апостала Андрэя, сведчыць аб сяброўстве і сапраўдным братэрстве, якія аб’ядноўваюць Рымскі Касцёл і Экуменічны Патрыярхат. “Гэта сувязь мае моцны фундамент у веры, якую мы атрымалі праз апосталаў”, - сказаў Бэнэдыкт XVI. Акрамя таго, Святы Айцец адзначыў, што “сувязь паміж Цэрквамі павінна мацнець, каб дасягнуць поўнага бачнага адзінства”.

У сваёй прамове Папа звярнуў увагу на важнасць працы Змешанай камісіі па тэалагічнаму дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой. “Мы пакліканы разам і ў любові працягваць гэты шлях, просячы Святога Духа аб святле і натхненні, з упэўненасцю, што ён жадае прывесці нас да поўнага спаўнення волі Хрыста: каб усе былі адно”, - сказаў Святы Айцец.

Пантыфік адзначыў, што ў нашым гістарычным кантэксце, які характарызуецца распаўсюджваннем гвалту, абыякавасці і эгаізму, супольным сведчаннем Евангелля можна дапамагчы чалавеку знайсці шлях, які прывядзе яго да праўды. “Пошук праўды, гэта заўсёды пошук справядлівасці і міру, і я з вялікай радасцю хачу ацаніць той уклад, які робіць у гэтай сферы Яго Святасць Барталамей”, - падкрэсліў Святы Айцец. Папа запрасіў прысутных гасцей, а таксама прадстаўнікоў іншых рэлігійных традыцый, дзеячоў культуры і навукі, прыняць удзел у Дні разважання, дыялогу і малітвы аб міры і справядлівасці ў свеце, які пройдзе 27 кастрычніка ў Асізі. “Ісці разам па дарогах горада св. Францішка, гэта сімвал нашага жадання працягваць шлях дыялога і братэрства”, сказаў Бэнэдыкт XVI.







All the contents on this site are copyrighted ©.