2011-06-27 12:59:51

Беларусь: Касцёл на парозе будслаўскіх урачыстасцяў


RealAudioMP3 Сёння, 27 чэрвеня, ранішняй св. Імшой у архікатэдральным касцёле пачалася 21-ая пілігрымка з Мінска ў Будслаў. Штогод, напярэданні святкавання ўрачыстасці Маці Божай Будслаўскай з розных куткоў краіны ў яе санктуарый адпраўляюцца пілігрымы. З беларускай сталіцы вырушыла больш за 350 асоб. Яны пераадолеюць каля 150-ці кіламетраў пешшу. Дарога не блізкая і складаная. Благаслаўленне пілігрымам удзяліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілеўскі.

“Сёння, распачынаючы гэтую пілігрымку будзем спадзявацца на Марыю, яна будзе для нас прыкладам, тая, якая прыняла Духа Святога, прыняла слова Божае, якое заўсёды актуальнае і дзейснае. Якое здольнае перемяніць гэты свет, як навучае папа Бэнэдыкт XVI”, - падкрэсліў Мітрапаліт Кандрусевіч - “І калі бачым Яе прыклад паслухмянасці волі Божай, і бачым, што ідзем не той дарогай, дарогай, якая разбурае наша духоўнае жыццё, мы павінны выкарыстаць гэты час, каб выправіць яго, не разбіцца і асягнуць шчасце вечнае”.

З сабой – толькі самае неабходнае: Святое Пісанне, уласныя рэчы ў заплечніках, на нагах – зручны абутак, у руках – парасон. На шляху можа застаць і непагода, але піліграмаў гэта не палохае, галоўнае – малітоўны настрой на ўсе 5 дзён падарожжа. Дапаможа – спеўнік з малітвамі да Маці Божай Будслаўскай. Адны ідуць да яе з просьбамі, другія – з падзякай, але ўсе – далучыцца да агульнай малітвы праслаўлення ў Будславе.

Сустрэча пілігрымаў у санктуарыі адбудзецца 1 ліпеня. А галоўныя мерапрыемствы пачнуца ў ноч на 2 ліпеня. Апоўначы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч будзе цэлебраваць св. Імшу, перад якой узначаліць традыцыйную працэсію са свечкамі. У спісе падзей – таксама моладзевая праграма, шмат набажэнстваў. Чакаецца, што ў Будслаў сёлета прыбудуць некалькі дзясяткаў тысяч чалавек з Беларусі, Рассіі, Польшчы, Літвы, Латвіі і Украіны.

Як заўсёды, для камфорта гасцей і пілігрымаў выдзеляць месца для парковак, споведзі, тэматычных палатак. Будуць прыняты і меры бяспекі: турнікеты і дагляд металашукальнікамі.

Тым, хто не зможа быць 1–2 ліпеня ў Будславе, партал Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі Catholic.by прапануе далучыцца да падзей праз відэатрансляцыю. Сёлета трансляцыя будзе суправаджацца каментарыямі, спалучацца з відэасюжэтамі з пілігрымак і інш. Праводзіць трансляцыю урачыстасцяў будуць, акрамя партала Catholic.by, Відэастудыя Гродзенскай дыяцэзіі і ТРК "Ангел TV" пры падтрымцы партала TUT.BY і РУП "Белтэлекам". Для карыстальнікаў правайдараў "BYNET", "Шпаркі дамавік", "Атлант телеком", "byfly", "adslby", "МТИС" відэатрафік не будзе тарыфікавацца.

Абраз Маці Божай Будслаўскай – самая шанаваная каталіцкая святыня Беларусі. Урачыстасці тут адбываюцца ўжо на працягу некалькіх стагоддзяў. Пілігрымы не пераставалі прыходзіць сюды нават у камуністычныя часы, паміма забаронаў і перашкодаў, якія чынілі ўлады. Сёлетнія святкаванні, пройдуць пад дэвізам “Марыя – святыня Духа Святога” і стануць працягам падрыхтоўкі да 400-годдзя прабывання абраза ў будслаўскай святыні.








All the contents on this site are copyrighted ©.