2011-06-24 11:56:30

Падісана пагадненне паміж Апостальскай Сталіцай і Чарнагорыяй


RealAudioMP3 24 чэрвеня ў Ватыкане было падпісана базавае пагадненне паміж Апостальскай Сталіцай і Чарнагорыяй. Яго падпісалі кардынал Тарчызіо Бэртонэ, Дзяржаўны сакратар Яго Святасці папы Бэнэдыкта ХVI і Ігор Лукшыч, прэм’ер-мініст Чарнагорыі. Падчас падпісання прысутнічаў таксама арцыбіскуп Дамінік Мамбэрці, Сакратар па адносінах з дзяржавамі.

Беручы пад увагу незалежнасць і самастойнасць Касцёла і дзяржавы ў Чарнагорыіі і іх гатоўнасць да супрацоўніцтва, пагадненне ўстанаўлівае законныя асновы двухбаковых адносін паміж імі. Дакумент прызнае прававое становішча Каталіцкага Касцёла ў краіне, яго свабоду і незалежнасць у апостальскай дзейнасці, а таксама свабоду веравызнання. Пагадненне акрэслівае прававую дзейнасць духоўных семінарый у краіне і духоўную дапамогу, якую Касцёл можа несці ва ўзброенных сілах, у турмах і бальніцах.

У сваёй прамове падчас падпісання пагаднення, кардынал Тарчызіо Бэртонэ нагадаў гісторыю адносін паміж Апостальскай Сталіцай і Чарнагорыяй. Ён сказаў, што ў 2006 г. Апостальская Сталіца прызнала вяртанне Чарнагорыі на міжнародную арэну і ў тым жа годзе ўсталявала афіцыйныя дыпламатычныя адносіны з ёй. Кардынал Дзяржсакратар нагадаў таксама, што ўжо ў 1886 г. была падпісана Канвенцыя паміж папам Львом ХІІІ і Мікалаем І, Князем Чарнагорыі, якая мела вялікае значэнне для ўсяго балканскага рэгіёну. “Мы ўпэўнены, што Чарнагорыя глядзіць з павагай на рэлігійныя супольнасці, існуючыя ў краіне, звяртае вялікую ўвагу на асноўныя прынцыпы права, якія прызнаюцца на міжнародным узроўні, у прыватнасці, на прынцыпы свабоды веравызнання”, - сказаў кардынал Бэртонэ.







All the contents on this site are copyrighted ©.