2011-06-23 14:51:52

Гродна: працэсія Божага Цела па вуліцах горада ў дзень урачыстасці


RealAudioMP3 Сёння Каталіцкі Касцёл адзначае Урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста (Божае Цела). Святочная працэсія пройдзе сёння па вуліцах Гродна. Яна пачнецца ў 18.00 гадзін набажэнствам каля касцёла Маці Божай Анёльскай.

Раней працэсія заўсёды пераносілася на нядзелю для большай зручнасці вернікаў, але год таму было вырашана праводзіць яе менавіта ў чацвер, у дзень самой урачыстасці, каб католікі горада атрымалі магчымасць глыбей адчуць яе атмасферу і больш свядома паўдзельнічаць у ёй. У прошлым годзе гэта сапраўды ўдалося, таму было вырашана прытрымлівацца гэтай практыкі ў будучым.

Узначаліць працэсію Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. У ёй прымуць удзел усе святары Гродна, наваколля і некаторых парафій дыяцэзіі. Духавенства і вернікі пройдуць па цэнтральных вуліцах горада – Гагарына, Парыжскай камуны, Свярдлова, Карла Маркса, і будуць маліцца падчас чатырох прыпынкаў – каля Францішсканскага, Бернардынскага, Брыгідскага касцёлаў, а напрыканцы – у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя.

Адметнасцю сёлетняй працэсіі стане чытанне ўрыўкаў Евангелля на чатырох мовах, на якіх размаўляюць мясцовыя жыхары: па-беларуску, па-руску, па-літоўску і па-польску. Чакаецца, што ў працэсіі прымуць удзел каля 5 тыс. чалавек, у тым ліку некалькі соцень дзяцей, якія прынялі ў гэтыя дні Першую святую Камунію.







All the contents on this site are copyrighted ©.