2011-06-22 12:59:31

Бэнэдыкт XVI: у псальмах словы Бога, становяцца нашымі словамі


RealAudioMP3 Падчас сённяшняй агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра Бэнэдыкт XVI сказаў, што ў рамках сваіх катэхезаў хоча пачаць серыю разважанняў прысвечаных не толькі асобным момантам ці людзям малітвы, але пагаварыць аб выдатнай “кнізе малітвы”, якой з’яўляецца кніга Псальмаў. “У наступных катэхезах мы прачытаем і паразважаем аб найбольш прыгожых і дарагіх псальмах для малітоўнай традыцыі Касцёла”, - сказаў Папа.

“Кніга Псальмаў уяўляе сабой “фармуляр” малітваў, зборнік, што складаецца са стапяцідзесяці Псальмаў, якія біблійная традыцыя дорыць вернікам, каб яны сталі іх малітвай, іх спосабам звароту да Бога і адносінаў з Ім. У гэтай кнізе, знаходзіць выраз увесь шматгранны чалавечы вопыт, уся гамма пачуццяў, што суправаджае існаванне чалавека. У псальмах, выражаецца радасць і цярпенні, жаданне Бога і разуменне ўласнай недасканаласці, шчасце і адчуванне пакінутасці, давер да Пана і пакутная самотнасць, поўня жыцця і страх смерці. Уся гэта рэальнасць верніка выражаная ў гэтых малітвах, якія напачатку народ Ізраэля, а потым Касцёл прынялі, як самую важную форму адносінаў з адзіным Богам, а таксама адказам на яго аб’яўленне ў гісторыі”.

Сярод розных формаў малітваў Святы Айцец адзначыў два аспекта, якія абагульняюць Кнігу Псальмаў: просьбы, звязаныя з плачам, і праслаўленне. Папа падкрэсліў, што гэтыя два аспекты звязаны паміж сабой, таму што, просьба заўсёды ўмацоўваецца ўпэўненасцю ў тым, што Бог на яе адкажа, а гэта становіцца крыніцай радасці і падзякі.

“У просьбах, той хто моліцца, плача і апісвае сваю цяжкую сітуацыю, небяспеку, або, як ў пенітэнцыйных псальмах спавядаецца ў сваіх правінах з просьбай аб прабачэнні. - сказаў Святы Айцец - Чалавек выражае Богу свае патрэбы з надзеяй на тое, што будзе выслуханы, і ў гэтым ёсць прызнанне дабрыні Бога, Яго любові да жыцця, гатоўнасць дапамагчы, збавіць і прабачыць. Ужо ў плачы, ёсць праслаўленне, якое аб’яўляецца ў надзеі на Боскае ўмяшальніцтва, якое зробіць збаўленне рэальнасцю”. Пантыфік сказаў, што псальмы навучаюць малітве. “У іх Слова Бога становіцца словам малітвы. У гэтым заключаецца прыгажосць і асаблівасць Кнігі Псальмаў: малітвы ў яе ўключаныя, у адрозненне ад іншых малітваў, якія змешчаны ў Святым Пісанні, не ўключаны ў апавядальныя фрагменты, што маглі бы тлумачыць іх сэнс і функцыі. Псальмы дадзены вернікам, як тэкст малітвы, які мае сваёй адзінай мэтай стаць малітвай таго, хто іх прымае і ўзносіць да Пана”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.

“Нешта падобнае адбываецца калі дзіця пачынае размаўляць. Яно вучыцца выражаць свае адчуванні, эмоцыі, выкарыстоўваючы словы, якія яму не належаць, але якія могуць належаць яго бацькам ці тым, хто жыве побач. Тое, што дзіця хоча выразіць, гэта яго ўласнае перажыванне, але словы іншых; дзіця паступова іх прысвойвае, словы становяцца яго і праз гэтыя словы яно вучыцца таксама думаць і слухаць, прымае цэлы свет паняццяў, і ў іх узрастае, праз іх адносіцца да рэальнасці, да людзей і да Бога. Мова бацькоў становіцца мовай дзіцяці. Яно размаўляе словамі атрыманымі ад іншых, якія сталі яго ўласнымі. Таксама адбываецца і з малітвамі Псальмаў. Яны нам дадзены для таго, каб мы навучаліся звяртацца да Бога, размаўляць з Ім, расказаваць Яму а нас Яго словамі. Менавіта праз гэтыя словы, будзе магчыма пазнаць і прыняць крэтэрыі Яго дзеянняў, і наблізіцца да Яго думак і Яго шляхоў. І так заўсёды ўзрастаць у веры і любові”.

Папа расказаў, што ў перакладзе з яўрэйскай мовы псальм, азначае “праслаўленне”. “Негледзячы на тое, што ў Кнізе Псальмаў змешчаны розныя формы малітваў, і просьбы і падзякі, але яна ўсёж з’яўляецца кнігай праслаўленя, таму што навучае дзякаваць, святкаваць веліч Бога, прызнаваць прыгажосць яго спраў і праслаўляць Яго святое Імя”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.

Падчас сваёй катэхезы Святы Айцец звярнуў асаблівую ўвагу на псальмы караля Давіда. Папа расказаў, што жыццё Давіда было набоўнена вельмі многімі неадназначымі падзеямі. “Маладых пастух, прайшоўшы праз шматлікія драматычныя падзеі, становіцца каралём Ізраэля, каралём “згодна сэрца Бога”, чалавекам, які ведаў што значыць прасіць і славіць”, сказаў Бэнэдыкт XVI.

Акрамя таго, Пантыфік адзначыў, што словы псальмаў вельмі часта сустракаюцца ў Новым Запавеце, набываючы ў ім прароцкае значэнне. “ У Езусе Хрысце, які падчас свайго зямнога жыцця маліўся псальмамі, яны знаходзяць сваё канчатковае спаўленне і адкрываюць свой глыбокі і поўны сэнс”, падкрэсліў у сваёй сянняшняй катэхезе Пантыфік.








All the contents on this site are copyrighted ©.