2011-06-17 12:01:45

Вільнюс: сустрэча аб камунікацыі і новай евангелізацыі


RealAudioMP3 16 чэрвеня ў Вільнюсе пачалася сустрэча генеральных сакратароў епіскапатаў Еўропы, якая працягнецца да 21 чэрвеня і прысвечана тэме камунікацыі і новай евангелізацыі. У мерапрыемстве прымаюць удзел каля 30 генсекаў епіскапатаў з усяго кантынента.

Падчас адкрыцця форума старшыня Рады Канферэнцыі Біскупаў Еўропы кс. прэлат Дуартэ да Кунга адзначыў, што упэўнены ў тым, што “евангелізацыя, як і ўсё, што звязана з камунікацыяй Касцёла і ў Касцёле, не з’яўляецца толькі пытаннем добра распрацаванай маркетынгавай стратэгіі, якая імкнецца адказаць на тое, што людзі думаюць неабходна мець, але павінна быць выразам жыцця ў Богу, які адказвае на сапраўдныя патрэбы чалавечага сэрца, нават калі аб іх, нажаль, жыхары сучаснай Еўропы часта забываюць”. “Я веру, што наша місія пачнецца менавіта з клопату аб нашай уласнай еднасці з Богам і нашымі братамі, - сказаў святар - Толькі так мы будзем у свеце знакам і прыладай адзінства здольнага глядзець на Таго, хто нас аб’ядноўвае: на Езуса Хрыста”.

У суботу 18 чэрвеня ў Вільнюс прыедуць прэс-сакратары еўрапейскіх епіскапатаў, якія далучацца да працы форума. “На пачатку мы будзем разглядаць складаныя пытанні, якія трэба тлумачыць грамадству - сказаў кс. прэлат Да Кунга - Мы будзем размаўляць аб праблемах Касцёла і прадставім магчымыя шляхі іх вырашэння. Падчас другой часткі пасяджэння мы будзем аналізаваць, якім чынам прапаноўваем сёння Евангелле і добрыя навіны праз СМІ. Думаю мы можам казаць аб тым, што галоўнай мэтай гэтых сустрэч з’яўляецца быць разам, каб размаўляць, каб дзяліцца радасцю і праблемамі, глядзець на жыццё і на нашу місію вачыма веры”. “Было б не правільна думаць, што поспех нашай працы ацэньваўся б, як поспех нейкага прадпрыемства, што шукае свайго месца на рынку!”, сказаў кс. Да Кунга.

З уступным словам падчас адкрыцця сустрэчы генеральных сакратароў Канферэнцый Біскупаў Еўропы выступіў таксама кардынал Ёзас Бачкіс, арцыбіскуп Вільнюскій. Іерарх адзначыў, што новая евангелізацыя з’яўляецца вельмі актуальнай ва ўсходнееўрапейскім кантэксце. У савецкія часы “адбылася катастрофа з антрапалагічнага пункту гледжання, людзі не каштавалі нічога, для тых хто ўжываў у адносінах да іх фізічную сілу. - сказаў кардынал Бачкіс - Рэпрэсіі разбурылі сумленне людзей, якія сёння не ведаюць дзе дабро, а дзе зло. Таму новая евангелізацыя з’яўляецца фундаментальнай для выхавання сумлення і сёння важна разам вызначыць крытэрыі гэтага выхавання”.








All the contents on this site are copyrighted ©.