2011-06-17 15:21:18

Бэнэдыкт XVI да біскупаў з Індыі: умацоўвайце сваю сувязь са святарамі


RealAudioMP3 17 чэрвеня папа Бэнэдыкт ХVI прыняў на аўдыенцыі біскупаў з Індыі, якія прыбылі ў Ватыкан з візітам “Ad limina apostolorum”. У сваёй прамове Святы Айцец заклікаў іерархаў умацоўваць сувязь са святарамі. Папа сказаў: “Заклікаю вас да сведчання любові і служэння паміж вамі і вашымі святарамі, без адрознівання іх этнічнай ці каставай прыналежнасці”. “Вы павінны аказваць ім падтрымку, як найбліжэйшым супрацоўнікам, і быць уважлівымі да іх патрэбаў і імкненняў, праяўляючы клопат аб іх духоўным, інтэлектуальным і матарыяльным дабрабыце”, адзначыў Пантыфік.

“Святары, са свайго боку, пакліканы паважаць ваш аўтарытэт і з радасцю, пакорай і поўнай адданасцю працаваць для дабра Касцёла, але заўсёды пад вашым кіраўніцтвам”, - нагадаў Святы Айцец. Пантыфік адзначыў, што братэрская любоў і блізкае супрацоўніцтва са святарамі могуць стаць асновай для пераадолення магчымых напружанняў”.

“Вернікі глядзяць на вас і вашых святароў як на мадэль святасці, сяброўства і згоды, якая прамаўляе да іх сэрцаў і навучае, як трэба жыць запаведзю любові”, - падкрэсліў Папа. Бэнэдыкт ХVI таксама выказаў удзячнасць за ўклад, які зрабілі ў жыццё Касцёла ў Індыі манаскія супольнасці, асабліва жаночыя.








All the contents on this site are copyrighted ©.