2011-06-15 14:02:41

Бэнэдыкт XVI: там дзе Бог знікае, чалавек упадае ў рабства і ідалапаклонніцтва


RealAudioMP3 Падчас агульнай аўдыенцыі Бэнэдыкт XVI звярнуўся да сабраных на плошчы св. Пятра вернікаў з заклікам паразважаць аб прыкладзе малітвы старазапаветнага прарока Іллі. Менавіта гэтай асобе была прысвечана сённяшняя катэхеза Святога Айца. Папа адзначыў, што у рэлігійнай гісторыі старажытнага Ізраэля важную ролю мелі прарокі, а таксама іх навучанне і прапаведванне. “Сярод іх узвышаецца постаць Іллі, выбранага Богам, каб весці народ да навяртання. - сказаў Бэнэдыкт XVI - Яго імя азначае “Пан мой Бог”, і згодна з гэтым імем прайшло ўсё яго жыццё, якое ён цалкам прысвяціў спрыянню таму, каб ізраільскі народ прызнаў сваім Панам адзінага Бога”. Аб Іллі кажа Сірах: “І паўстаў прарок Ілля, як полымя; яго слова гарэла як факел”. “Дзякуючы гэтаму полымю Ізраіль змог знайсці свой шлях да Бога”, - адзначыў Святы Айцец.

Папа расказаў, што ў часы караля Ахаба, Ізраэль жыў у стане адкрытага сінкрэтызма, г.зн., разам з Панам, народ ушаноўваў Баала, ідала ад якога нібыта паходзіў дар дажджу, пладавітасці для палёў і жыцця для людзей і жывёл. Бэнэдыкт XVI падкрэсліў, што яўрэі прэтэндавалі на тое, каб наследаваць Бога небачнага і таямнічага, але ў той жа час, яны шукалі бяспекі ў богу бачным і зразумелым, ад якога на іх думку было магчыма атрымаць дары ўзамен на ахвяры.

“Менавіта, каб раскрыць зманлівае глупства такіх паводзінаў Ілля збірае народ Ізраіля на гары Кармэль і ставіць яго перад выбарам: “Калі Пан, гэта Бог, слухайце Яго. Калі Богам з’яўляецца Баал, тады слухайце яго”. Прарок, носбіт Божай любові, не пакідае свой народ адзін перад абліччам гэтага выбара, але дапамагае яму паказваючы знак, які адкрывае праўду: ён, таксама, як і прарокі Баала рыхтуе ахвяраванні і моліцца, але Бог аб’яўляецца яму адказваючы агнём, які спальвае ахвяру. Так пачынаецца супрацьстаянне паміж Ільёй і вернікамі Баала, што ў рэальнасці з’яўляецца супрацьстаяннем паміж Панам Ізраэля, Бога збаўлення і жыцця, і нямым ідалам, які нічога не можа зрабіць, ні добрага ні злога. Так пачынаецца супрацьстаянне паміж двума абсалютна рознымі спосабамі адносінаў да Бога і малітвы”.

Папа адзначыў, што прарокі Баала крычалі, агітавалі, скакалі, танцавалі, увайшлі ў стан экзальтацыі і наносілі крываточныя раны на сваім целе. “Такім чынам, адкрываецца падманлівая рэальнасць ідала: людзі думалі аб ім як аб тым, кім можна кіраваць уласнымі сіламі, - сказаў Святы Айцец - Пакланенне ідалу, закрывае чалавека ў рамках уласных дзеянняў, мэта якіх падпарадкаваць усё сваёй волі. Аднак на самой справе малітва павінна адкрываць сэрцы на Іншасць, на вызваляючыя адносіны, што дазваляюць выйсці за межы ўласнага эгаізма, каб прыняць вымярэнне любові і ўзаемнага дара”. Бэнэдыкт XVI адзначыў, што у Іллі была зусім іншая малітва. “Ён запрасіў народ наблізіцца да сябе, уключаючы яго такім чынам у свае дзеянні і сваю малітву. Мэта выкліка, які ён кінуў прарокам Баала, заключалася ў тым, каб прывесці народ, стомлены пакланнем ідалу, да Бога; таму жаданнем Іллі, было аб’яднанне Ізраіля вакол сябе і яго ўдзел у малітве і тым, што адбудзецца”.

Пантыфік адзначыў, што звяртаючыся да Бога, Ілля імкнуўся таксама нагадаць ізраільскаму народу аб яго ідэнтычнасці. Папа заўважыў, што прарок мэтанакіравана збудаваў алтар з дванаццаці камянёў і скіраваў да Бога не традыцыйны зварот: “Бог Абрагама, Бог Ісаака і Якуба”, але “Бог Абрагама, Бог Ісаака і Бог Ізраіля”. “І зараз, гэты народ, які здавалася забыся аб сваім паходжанні і прывелігіяваных адносінах з Панам, адчувае сябе пакліканым па імю, прамоўленым адначасова з Імем Бога, Бога Патрыярха і Бога народа. - сказаў Папа - Такім чынам жаданнем Іллі было адкрыццё народам Ізраіля ўсёй ісціны пра сапраўднага і адзінага Бога, а пра сябе самога. На абсалют Бога, вернікі павінны адказаць абсалютнай любоўю, якая ахоплівае ўсё жыццё, усе сілы, усё сэрца”. “Менавіта аб навяртанні сэрца свайго народа маліўся прарок”, - сказаў Святы Айцец.

“Дарагія браты і сёстры, аб чым нам кажа гэта гісторыя? Чаму яна можа быць актуальнай сёння? Па-першае таму, што кажа аб прыярытэтнасці першай запаведзі: шануй аднаго Бога. Там дзе Бог знікае, чалавек упадае ў рабства і ідалапаклонніцтва, як паказаў наш час, таталітарныя рэжымы і шматлікія формы нігілізма, якія працягваюць існаваць і робяць чалавека залежным ад ідалаў і ідалапаклонніцтва. Па-другое, першай мэтай малітвы з’яўляецца навяртанне: Боскае полымя перамяняе нашыя сэрцы і робіць іх здольнымі бачыць Бога і, такім чынам, жыць для іншых”.

Папа адзначыў, што сапраўднае пакланенне Богу азначае даць самаго сябе людзям, што сапраўднае пакланенне – гэта любоў. “Сапраўды, полымя любові апякае, ачышчае, і адкрывае праўду аб нас саміх, нанава стварае нашы сэрцы”, -падсумаваў сваю сённяшнюю катэхезу Бэнэдыкт XVI.







All the contents on this site are copyrighted ©.