Харватыя: адносіны паміж праваслаўнымі і католікамі пасля візіту Папы
Біскуп Зрэнянскай
дыяцэзіі ў Харватыі Ладзіслаў Нэмет заявіў, што нядаўнія словы Папы Бэнэдыкта XVI
аб загрэбскім арцыбіскупе Алоізе Стэпінацэ не пагаршаюць адносін паміж Каталіцкім
Касцёлам і Сербскай Праваслаўнай Царквой. Таксама іерарх пацвердзіў гатоўнасць Папы
прыехаць у Сербію, але дадаў, што праблемы звязаныя з гэтым візітам павінны быць вырашаны
ў самой Сербіі.
Каментуючы цяперашнія адносіны паміж двума Цэрквамі, біскуп
Нэмет сказаў, што раней “яны былі як бетонная сцяна, а цяпер падобныя на швейцарскі
сыр”, і нагадаў, што старшыня Папскай рады па спрыянні хрысціянскаму адзінству быў
на інтранізацыі Сербскага Патрыярха Ірынея ў Печскай Патрыярхіі.
Больш за ўсё
ўскладняе гэтыя адносіны, па словах іерарха, тое, што Сербская Царква не робіць ніякай
розніцы паміж харвацкай дзяржавай і Каталіцкім Касцёлам. “Мне, як каталіцкаму біскупу,
не зразумела, чаму Праваслаўная Царква любой цаной трымаецца за дактрыны аб Другой
сусветнай вайне. - сказаў біскуп Нэмет - Няможна глядзець на гісторыю так адфільтравана
і выбарачна. Мы ведаем, што кардынал Стэпінац шмат разоў, пра што захаваліся гістарычныя
дакументы, хадайнічаў перад Антэ Павелічам аб Ясеновацэ, канцлагеры, у якім падчас
другой Сусветнай вайны загінула не менш за 75 тыс. сербаў, і ўсіх тых злачынствах,
якія там адбываліся”- выказаў сваё здзіўленне іерарх.
Бэнэдыкт XVI падчас нядаўняга
візіту ў Харватыю назваў кардынала, якога праваслаўныя абвінавачваюць у падтрымцы
генацыду сербаў падчас другой Сусветнай вайны, “вялікім гуманістам” і “абаронцам Бога
ў Харватыі”. На думку біскупа Ладзіслава Нэмета гэтыя словы “не абцяжарваюць” адносін
паміж двума Цэрквамі.