2011-06-14 17:22:31

Расійскі муфцій просіць “Аль Азхар” абараніць хрысціян


RealAudioMP3 У Расійскай асацыяцыі ісламскай згоды (Усерасійскім муфціяце) выказалі занепакоенасць становішчам хрысціян у арабскіх краінах. “Мусульмане Расіі з трывогай глядзяць на зыход хрысціян з Ірака, палестынскіх земляў, іншых частак Блізкага Усходу. Вымушаны зыход хрысціян з мусульманскіх земляў супярэчыць нормам нашай святой веры”, - гаворыцца ў лісце старшыні Савета улемаў муфціята Фарыда Салмана рэктару “Аль-Азхар”, старажытнага ісламскага ўніверсітэта ў Егіпце, Ахмаду ат-Таібу.

Па словах муфція, спроба “распаліць варожасць” паміж мусульманамі і хрысціянамі Егіпта “з’яўляецца вялікім грахом” і адпавядае “пачатку вайны супраць Усявышняга, бо гэтыя дзеянні супярэчаць Божым законам”. “Зыход хрысціян з краін Блізкага Усходу, напады на храмы і кляштары, забойствы святароў і захопы хрысціянскіх закладнікаў з'яўляюцца лепшым падарункам відавочным і тайным ворагам ісламу і адной з прычын ісламофобіі, якая пашыраецца ва ўсім свеце”, - гаворыцца ў лісце. Салман асцярагаецца, што гэта можа стаць прычынай ганенняў на мусульман ў тых краінах, дзе яны не з’яўляюцца большасцю насельніцтва.

Напярэдадні з ат-Таібам сустрэўся кіраўнік Сінадальнага Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Мітрапаліт Валакаламскі Іларыён.
Ён, у прыватнасці, выказаў заклапочанасць узростам антыхрысціянскіх настрояў у частцы егіпецкага грамадства. Іерарх высока ацаніў перспектывы стварэння арганізацыі “Наш дом – Егіпет”, членамі якой, як мяркуецца, могуць быць як мусульмане, так і хрысціяне.
З гэтай ідэяй нядаўна выступіў ат-Таіб.
Арганізацыя будзе весці працу па ўмацаванні міжрэлігійных сувязяў, змагацца з распаўсюджваннем радыкальных поглядаў і заклікаць егіпцян да нацыянальнага адзінства, незалежна ад рэлігійнай прыналежнасці.







All the contents on this site are copyrighted ©.