2011-06-14 13:45:06

Бэнэдыкт XVI заклікаў да “катэхетычнай крэатыўнасці”


RealAudioMP3 13 чэрвеня папа Бэнэдыкт ХVI адкрыў Кангрэс духавенства Рымскай дыяцэзіі. Праца гэтага форума, што праходзіць ў рымскай базыліцы св. Яна на Латэране працягнецца да 16 чэрвеня. У мерапрыемстве прымаюць удзел прадстаўнікі ўсіх рымскіх парафій.

У сваёй прамове да ўдзельнікаў сустрэчы Святы Айцец адзначыў, што “вера не захоўваецца ў свеце сама па сабе, не перадаецца аўтаматычна да сэрца чалавека, але павінна заўсёды абвяшчацца”. “Абвяшчэнне, каб быць эфектыўным, павінна пачацца з сэрца, якое верыць, спадзяецца, любіць, шануе Хрыста і верыць у сілу Святога Духа”, - сказаў Пантыфік.

Бэнэдыкт ХVI заклікаў несці свету радасную навіну асабліва ў краіны са старажытнай хрысціянскай традыцыяй. “Благаслаўлёны Ян Павел ІІ казаў аб неабходнасці новай евангелізацыі, скіраванай да тых, хто ўжо чуў аб веры , але яшчэ не ацаніў прыгажосці хрысціянства ці бачыць у ім перашкоды для дасягнення шчасця”, - сказаў Святы Айцец. Папа адзначыў, што заданне евангелізацыі з’яўляецца заданнем кожнага ахрышчанага. Бэнэдыкт XVI звярнуў увагу на адказнасць бацькоў у справе перадачы веры сваім дзецям і падтрымцы адзінства з Касцёлам. “Заўсёды хрысціянская супольнасць суправаджала выхаванне дзяцей, дапамагаючы ім зразумець праўду веры, а таксама жыць малітвай, любоўю і братэрствам. - сказаў Пантыфік - Слова веры рызыкуе застацца нямым, калі не знойдзе супольнасці, якая рэалізуе яго на практыцы, ажывіць і зробіць яго прывабным у рэальнасці сапраўднага жыцця”.

Святы Айцец звярнуў увагу на важнасць навучання цішыні, унутранай малітве і асабістаму дыялогу з Богам. “Вернасць веры Касцёла, павінна злучыцца з “катэхетычнай крэатыўнасцю”, якая павінна адпавядаць кантэксту, культуры, узросту вернікаў. - сказаў Папа - Гістарычная і мастацкая спадчына Рыма з’яўляецца вельмі карыснай, каб наблізіць людзей да веры”. “Запрашаю ўсіх вас ацаніць гэты “шлях прыгажосці”, які вядзе да Таго, хто згодна са словамі св. Аўгустына, з’яўляецца Прыгажосцю вельмі старажытнай і заўсёды новай”, - звярнуўся да ўдзельнікаў Кангрэса духавенства рымскай дыяцэзіі Бэнэдыкт XVI.







All the contents on this site are copyrighted ©.