2011-06-11 15:15:07

“Octava Dies”. Пакуты Сірыі


RealAudioMP3 Кіраўнік Залі Друку Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі звяртае ўвагу на цяжкую сітуацыю ў Сірыі. Яна “на працягу некалькіх месяцаў застаецца асабліва трывожнай па прычыне працяглага гвалту”, - сказаў кс. Ламбардзі. Паводле яго, жорсткае насілле і адсутнасць парадку правакуе да канфлікту паміж рэлігійнымі супольнасцямі, што можа прывесці да падзелаў у грамадстве. Кіраўнік Залі Друку заклікае да дыялогу, свабоднага выказвання меркаванняў, удзелу ў жыцці краіны, адмовы ад гвалту. “Для хрысціян Сірыі адзінства народу з’яўляецца ўмовай жыцця і яны павінны і вымушаны быць мастом для сапраўднага і сур’ёзнага нацыянальнага дыялогу”, - сцвярджае кс. Ламбардзі.

Ён нагадвае нядаўнія словы Папы да новага пасла Сірыі пры Апостальскай Сталіцы аб неабходнасці сапраўднага дыялогу, заснаванага на годнасці кожнай чалавечай асобы. Святы Айцец сказаў ясна “аб патрэбе сапраўдных рэформ у палітычным, эканамічным і сацыяльным жыцці”, якія не могуць ажыццяўляцца праз нецярпімасць, дыскрымінацыю, канфлікты ці гвалт.

У сваёй штотыднёвай рубрыцы “Octava Dies” кс. Ламбардзі падкрэсліў, што Папа настойвае на канструктыўнай ролі хрысціян у сірыйскім грамадстве, на іх пазітыўных адносінах з мусульманамі ў супольным клопаце пра агульнае дабро. Святы Айцец просіць сірыйскія ўлады, каб узялі пад увагу імкненні народу і міжнародныя патрабаванні. “Трэба супрацьстаяць дэзінтэграцыі на Блізкім Усходзе і памнажэнню бясконцых канфліктаў, якія прымушаюць насельніцтва ўцякаць з краіны ў краіну, з Ірака ў Сірыю, з Сірыі ў Турцыю”. Паводле кіраўніка Залі Друку трэба распачаць дыялог паяднання і міру.







All the contents on this site are copyrighted ©.