Бэнэдыкт XVI сутрэўся з будучымі дыпламатамі Апостальскай Сталіцы
10 чэрвеня Бэнэдыкт
XVI сустрэўся са студэнтамі Папскай касцёльнай акадэміі, навучальнай установы, у якой
атрымліваюць адукацыю святары, што рыхтуюцца да дыпламатычнай службы ад імя Апостальскай
Сталіцы.
У сваёй прамове да студэнтаў акадэміі Святы Айцец адзначыў, што папская
дыпламатыя мае вельмі доўгую гісторыю і яе дзейнасць у сучасную эпоху, паспрыяла фарміраванню
аблічча дыпламатычных адносінаў паміж дзяржавамі. “У цяперашні час значэнне і роля
дыпламатычных прадстаўнікоў перажыла значныя трасфармацыі, аднак, іх місія застаецца
па сваёй сутнасці той жа: быць дакладнымі пасярэднікамі паміж кіраўнікамі дзяржаў,
і як наступства, прыладай пабудовы камунікацыі паміж народамі і іх кансалідацыі дзеля
мірных і салідарных адносінаў”, - адзначыў Бэнэдыкт XVI.
Пантыфік падкрэсліў,
што дзейнасць ад імя Апостальскай Сталіцы ўключае ў сябе асаблівыя аспекты. “Перш
за ўсё, яе ажыццяўляе святар, біскуп, г.зн., чалавек, які зрабіў у сваім жыцці выбар
служыць Слову, якое не з’яўляецца яго ўласным. - падкрэсліў Папа - Сапраўды, ён з’яўляецца
слугой Божага Слова, які, як і кожны святар, не можа выконваць сваю місію толькі ў
акрэслены час. Гэта місія патрабуе на працягу ўсяго жыцця быць эхам паслання, якое
было даверана яму, а менавіта, паслання Евангелля”.
“У здзяйсненні гэтай місіі,
дыпламаты Апостальскай Сталіцы пакліканы задзейнічаць усе ўласныя чалавечыя і звышнатуральныя
дары. - сказаў Папа - У выкананні такога служэння клопат аб уласным духоўным жыцці,
чалавечых цнотах і саліднай культуры ідуць разам і ўзаемна падтрымліваюцца. Гэта вымярэнні,
якія дазваляюць падтрымліваць глыбокую ўнутраную раўнавагу, у працы, якая патрабуе
між іншым, здольнасці быць адкрытым на іншага, спакойнага суджэння, крытычнай дыстанцыі
ад уласных меркаванняў, ахвярнасці, цярпення, пастаяннасці ў дыялогу з ўсімі”. “З
іншага боку, служэнне Наступніку св. Пятра, якога Хрыстус паставіў пачаткам, фундаментам
і бачным сімвалам адзінства веры і еднасці, патрабуе жыць так, каб пастаянна і глыбока
падтрымліваць каталіцкасць Касцёла”, - сказаў у сваёй прамове да будучых ватыканскіх
дыпламатаў Бэнэдыкт XVI.