2011-06-09 13:12:14

Кардынал Каспер: "масавы каталіцызм" перастае існаваць


RealAudioMP3 Да духоўнага адраджэння Каталіцкага Касцёла знутры, заклікаў нямецкі кардынал Вальтэр Каспер. Былы старшыня Папскай рады па спрыянні хрысціянскаму адзінству прысутнічаў 8 чэрвеня у нямецкім Франкфурце на прэзентацыі сваёй новай кнігі пад назвай "Каталіцкі Касцёл". Па яго словах прайшоў час “масавага каталіцызма”. На думку іерарха, аднавіць Касцёл сёння ў стане толькі крэатыўная і дынамічная меншасць.

Кардынал паскардзіўся на недахоп каардынацыі на ўсіх узроўнях Касцёла. На яго думку, гэта можа выправіць вяртанне да сінадальнага прынцыпа. Іерарх станоўча паставіўся да прапанаванага нямецкімі біскупамі ўнутранага працэсу дыялогу ў Касцёле. Ініцыятыва, аднак, можа быць толькі "пачаткам пачатку".

Кніга, выданная ў нямецкім выдавецтве “Herder”, была даўняй марай кардынала, як адзначыў ён сам. Ён выказаў надзею, што гэта выданне прынясе "радасць Богу і Касцёлу". Касцёл, па словах іерарха, меў у сваёй гісторыі "чорныя плямы", але быў і застаецца па-ранейшаму "прыгожым і велічным".

78-гадовы кардынал Каспер быў да свайго рымскага перыяду з 1989 г. па 1999 г. біскупам нямецкай дыяцэзіі Ротэнбург-Штутгарт, а перад гэтым, прафесарам тэалогіі ў Цюбінгене. У лютым 2001 г. папа Ян Павел II уручыў яму кардынальскі бірэт. Неўзабаве пасля гэтага, іерарх стаў старшынёй Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, якую ўзначальваў да 1 ліпені мінулага года.







All the contents on this site are copyrighted ©.