2011-06-09 14:15:31

Другі візіт папскага дэлегата ў В’етнам


RealAudioMP3 Арцыбіскуп Леапольда Джырэллі, папскі дэлегат у В’етнаме, пачаў другі за апошні час візіт у краіне. Ён працягнецца да 18 чэрвеня. Іерарх ужо наведваў у гэтым годзе В’етнам. Ён знаходзіўся тут з 18 красавіка да 2 мая.

Праграма цяперашняга візіту прадугледжвае шэраг сустрэч у пяці дыяцэзіях на поўначы В’етнама. У нядзелю, 5 чэрвеня, у Бак Нінх арцыбіскуп Джырэллі цэлебраваў св. Імшу для арганізатараў штогадовай сустрэчы каталіцкай моладзі, якая пройдзе 11 лістапада 2011 г. Паводле папярэдніх ацэнак, у ёй прыме ўдзел каля 20 тыс. маладых людзей. Папскі пасланнік сустрэўся таксама з прадстаўнікамі манаскіх супольнасцяў.

Прычынай унутраных напружанняў у Каталіцкім Касцёле В’етнама з’яўляецца абранне 7 святароў у парламент краіны і мясцовыя саветы падчас выбараў, якія адбыліся 22 мая. Духавенства і вернікі выказалі сваё незадавальненне ў сувязі з гэтым фактам, які з’яўляецца парушэннем Кананічнага права Каталіцкага Касцёла.







All the contents on this site are copyrighted ©.