“Вялікая колькасць
удзельнікаў сустрэчы, моманты глыбокай малітвы, натхненне, дадзенае краіне на шляху
да інтэграцыі ў Еўрапейскі Саюз, заклік да сямейных каштоўнасцяў і павагі да жыцця
і падцвярджэнне багацця хрысціянскіх каранёў”, - такія ўражанні пасля наведвання Харватыі
Бэнэдыктам XVI засталіся ў арцыбіскуп Ніколы Этэравіча, генеральнага сакратара Сінода
Біскупаў.
У інтэрв’ю ватыканскаму выданню “L’Osservatore Romano” харвацкі іерарх
адзначыў, што візіт Пантыфіка стаў сапраўдным Божым дарам для Каталіцкага Касцёла
ў гэтай краіне ў час пераходнага перыяда і ў 20-годдзе незалежнасці Харватыі. “Яшчэ
вельмі балючымі застаюцца раны, нанесеныя камуністычным рэжымам, - сказаў арцыбіскуп
Этэравіч - Таксама, нам неабходна пераадоліць праблемы, якія заствіла вайна 90-х гадоў,
і прыняць новыя выклікі, што нясе секулярызацыя. Таму, я лічу, - сказаў арцыбіскуп
- Папа прыехаў вельмі своечасова, каб умацаваць у веры вернікаў і падтрымаць сем’і
з нагоды іх нацыянальнага свята. Неабходна дапамагчы ім адважна жыць сваім пакліканнем
маленькіх хатніх Касцёлаў у кантэксце вялікай сям’і, якой з’яўляецца Паўсюдны Касцёл”.
Сярод асноўных тэм, якія закрануў падчас свайго візіта ў Харватыю Бэнэдыкт
XVI арцыбіскуп Этэравіч вызначыў: спалучэнне веры і розума, заклік да сацыяльнай дзейнасці
і адзінства, аб якім Папа казаў на прыкладзе благаслаўлёнага кардынала Алаізія Стэпінаца.
“Стэпінац быў скалой, моцным прыкладам веры ў каштоўнасці “якія не абмяркоўваюцца”.
- сказаў сакратар Сінода Біскупаў - Святы Айцец прапанаваў яго прыняць як узор сапраўднага
сведкі для ўсіх католікаў свету. Яго прыклад вельмі важны для нашых часоў, у момант
калі Касцёл павінен адказаць на выклікі і вырашаць многія праблемы”.
У інтэрв’ю
“L’Osservatore Romano” каталіцкі іерарх адзначыў, што быў вельмі ўражаны глыбокім
веданнем Пантыфікам гісторыі і культуры рэгіёна Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, да
якога належыць Харватыя. “Папа расказаў, што прыбыў, каб умацаваць у веры сваіх братоў,
але сам быў умацаваны верай народа, якая праявілася ў моманты супольнай малітвы”,
- сказаў арцыбіскуп Этэравіч.