2011-06-07 14:25:39

“Homo caritatis”. Сям’я – крыніца адносінаў у грамадстве


RealAudioMP3 Мы працягваем разважаць аб асноўных сферах жыцця грамадства, якія павінны быць у цэнтры увагі чалавека, што прымае ўдзел у палітычнай ці сацыяльнай дзейнасці і які адчувае сябе хрысціянінам. Маючы асаблівую адказнасць, якая паходзіць з яго паклікання, ён павінен быць уважлівым да асноваў на якіх будуецца справядлівая, адкрытая і братэрская супольнасць. У мінулых праграмах мы пачалі размаўляць аб праве на жыццё, як фундаментальным праве, якое неабходна бараніць. Гаворачы аб ім немагчыма не закрануць яшчэ адну сферу, а менавіта сямейную.

Сям’я крыніца жыцця

Сям’я з’яўляецца месцам жыцця: тут жыццё зараджаецца і прымаецца. Чалавек не з’яўляецца рэччу і яго жыццё не можа быць зроблена ў лабараторыі ці на фабрыцы. Годнасць чалавека патрабуе, каб яго жыццё пачалося ў сям’і, у асяродку любові і ўзаемнага самапрысвячэння, адказнасці і выхаваўчай дзейнасці. Дзіця мае права на сям’ю. Яно мае права быць зачатым натуральным годным спосабам, у выніку любові паміж сваім татам і маці, любові шчырай і бескарыснай і таму адкрытай на жыццё. Дзіця мае права не быць створаным у лабараторыі ці зачатым у выніку медыцынскай аперацыі. Такім чынам, жыццё і сям’я патрабуюць адзін аднаго. Не існуе любові, калі сужонкі не адкрыты адказна на жыццё, таму што ў такім выпадку, гэта можна назваць узаемным выкарыстаннем, ці інструменталізацыяй сексуальнай сферы. Жыццё, у агульным сэнсе, не будзе годна прынята і ўшанавана, калі не пачынаецца ў сям’і, дзе нованароджаны адчувае сябе любімым, абароненым і дзе можа атрымаць выхаванне неабходнае для далейшага жыцця.

Сям’я – ячэйка грамадства

Часта нам даводзіцца чуць, што сям’я, гэта ячэйка грамадства. Гэты выраз падкрэслівае перакананне, што сям’я з’яўляецца грамадствам сама па сабе, і, у той жа час, клеткай, ад якой нараджаецца ўсё грамадства. Можна нават сказаць, што з сям’і паходзяць адносіны, якія распаўсюджваюцца на ўсё грамадства. Паглядзеўшы на якасць сямейнага жыцця ў краіне, можна казаць аб агульным стане грамадства – яго прыярытэтах, каштоўнасцях і хваробах. Менавіта сям’я стаіць ля вытокаў адносінаў у грамадстве. Не можа быць наадварот. Не можа быць так, што грамадства, ці яшчэ горш дзяржава, з’яўляюцца крыніцай адносінаў супольнасці. Адносіны належаць асобам, якія сацыяльныя па сваёй прыродзе. Адносіны зараджаюцца ў сям’і. У такім кантэксце сям’я стаіць ля вытокаў грамадства і без сям’і грамадства існаваць не можа, а могуць існаваць толькі індывідуўмы.

Сям’я з’яўляецца крыніцай адносінаў паміж усімі членамі грамадства. Таму ў яе аснове павінны быць не два індывідуўмы аднаго пола, але пара, мужчына і жанчына. Асобы аднаго пола не з’яўляюцца парай, але выключна індывідуўмамі. Пара – гэта саюз мужчыны і жанчыны, ад якога нараджаецца першаснае грамадства. Яны ствараюць поўнае адзінства, “двое ў адным целе” і становяцца адзінай рэальнасцю адкрытай адзін на аднаго. Іх адкрытасць азначае таксама адкрытасць на жыццё: яны здольныя нарадзіць новае жыццё і з’яўляюцца крыніцай чалавечнасці.

Сексуальнасць і адказнасць

Са сферай адкрытасці на жыццё звязана сексуальнасць, якая на жаль сёння, усё часцей разумеецца толькі як адна з фізіялагічных функцыі, інструмент неабходны для задавальнення жаданняў. Калі сексуальнасць аддзяляецца ад пракрэацыі, яна становіцца толькі тэхнічнай сферай, для якой не абавязкова павінен мець значэнне пол індывідуўма. Такая сексуальнасць не можа быць па-сапраўднаму чалавечай. У ёй не хапае поўнай самаадданай адкрытасці мужчыны і жанчыны на жыццё. Інструменталізацыя сексуальнай сферы негатыўна ўплывае на жыццё ўсяго грамадства, нясучы разуменне магчымасці выкарыстання іншага чалавека. Калі ў вытокаў супольнасці знаходзяцца такія адносіны, яны праецыруюцца на ўсе астатнія сферы. Аднак калі адносіны характарызуюцца адказнасцю, адкрытасцю, адчуваннем глыбокай сувязі, тады і грамадства можа грунтавацца на такім арганічным адзінстве. Фундамент з’яўляецца заўсёды вызначальным. Мы бачылі гэта на прыкладзе жыцця. Калі яно не прымаецца ў пачатковым моманце, як яно можа паважацца далей? Зараз мы бачым гэта на прыкладзе сям’і: калі няма поўнай узаемнасці ад пачатку, адкуль яна возмецца потым?

Негатыўны ўплыў рэпрадуктыўных тэхналогій

Негатыўныя наступствы для жыцця грамадства мае таксама аддзяленне пракрэацыі ад сексуальнасці, як гэта адбываецца ў выніку штучнага апладнення. Зачацце ў прабірцы прадстаўляе глыбокую рану для чалавечай прыроды і сям’і. Для чалавечай прыроды, таму што перамяняе яе ў прадукт, распаўсюджваючы ідэю аб тым, што жыццё можа быць справай тэхнікі і чалавечачых здольнасцяў. Для грамадства, таму што новае жыццё з’яўляецца не ў выніку любові, а ў выніку пэўных працэдур, шматлікіх спосабаў апладнення (праз донарства сперматазоідаў ці яйцаклеткі, выкарыстання сурагатнай маці). Гэта пагражае трасфармацыяй натуральнай сям’і згодна з жаданнямі індывідуўмаў. Існуе некалькі формаў айцоўства і мацярынства: генетычнае, біялагічнае і сацыяльнае. З гэтага пункту гледжання ў дзіцяці можа існаваць нават да 6 бацькоў. Такім чынам, парушаецца права дзіцяці нарадзіцца ў сям’і, фундаментам якой будзе ўзаемная любоў мужчыны і жанчыны, з усімі выцякаючымі адсюль наступствамі для псіхікі дзіцяці. Нажаль, вельмі часта людзі не задумваюцца аб негатыўных наступствах сваіх жаданняў, аб іх дэструктыўным уплыве на годнасць чалавека, жанчыны, дзіцяці, сексуальнасці і ўсяго грамадства.

Палітыка не можа пакінуць гэту тэму па-за сваёй увагай, таму што, як мы бачым, яна з’яўляецца фундаментальнай для жыцця ўсёй супольнасці людзей. Ад адносінаў, якія пануюць у сям’і, ад адкрытасці на жыццё і якасці любові паміж усімі яе членамі залежыць будучыня ўсяго нашага грамадства. Мы працягнем разважаць аб гэтай тэме ў наступны аўторак.

Аляксандр Панчанка, паводле Giampaolo Crepaldi, Il cattolico in politica. Manuale per la ripresa








All the contents on this site are copyrighted ©.