Бэнэдыкт XVI: у сям’і вучацца сэнсу супольнасці ўгрунтаванай на дары (поўны тэкст)
Вечарам 4 чэрвеня
Бэнэдыкт XVI сустрэўся з прадстаўнікамі харватскай грамадзскай супольнасці, свету
палітыкі, культуры і прадпрымальніцтва, а таксама з прадстаўнікамі дыпламатычнага
корпуса і рэлігійнымі лідэрамі. Сустрэча прайшла ў Нацыянальным Харвацкім тэатры ў
Загрэбе. Пасля кароткага музычнага канцэрта і прывітальных словаў Святы Айцец звярнуўся
да сабраных са сваёй прамовай. Прапаноўваем вашай увазе поўны тэкст зварота Пантыфіка.
“Паважаны
спадар Прэзідэнт, шаноўныя кардыналы, дарагія браты і сёстры!
Мне
вельмі прыемна сустрэцца з вамі, прадстаўнікамі розных сфер жыцця харвацкага грамадства
і дыпламатычнага корпуса. Сардэчна вітаю кожнага з вас і тыя асяродкі, што вы прадстаўляеце:
рэлігійныя супольнасці, палітычныя, навуковыя і культурныя ўстановы, мастацкія, эканамічныя
і спартыўныя сферы. Асабліва дзякую арцыбіскупу Пуйлічу і прафесару Зураку за словы,
якія да мяне скіравалі. Таксама дзякую музыкантам, якія звярнуліся да мяне на ўніверсальнай
мове музыкі. Вымярэнне паўсюднасці, адметная рыса мастацтва і культуры, з’яўляецца
асабліва блізкай хрысціянству і Каталіцкаму Касцёлу. Хрыстус, сапраўдны чалавек, і
ўсё тое, што з’яўляецца па-сапраўднаму чалавечым знаходзіць у Ім і Яго слове поўню
жыцця і значэння.
Гэты цудоўны тэатр з’яўляецца сімвалічным месцам у
якім выражаецца ваша нацыянальная і культурная ідэнтычнасць. Мець магчымасць сустрэцца
з вамі тут, гэта нагода для радасці духа, таму што Касцёл з’яўляецца таямніцай адзінства
і заўсёды радуецца адзінству, у багацці адметнасцяў.Прысутнасць прадстаўнікоў іншых
Цэркваў і хрысціянскіх супольнасцяў, а таксама прадстаўнікоў іўдаізма і іслама, спрыяе
разуменню рэлігіі, як частцы жыцця ўсяго грамадства: яна з’яўляецца яго звышнатуральнай
часткай, што заклікае да вертыкальнага вымярэння, слухання Бога, неабходнага для пошуку
супольнага дабра, справядлівасці і прымірэння ў праўдзе. Рэлігіі ставяць чалавека
ў адносіны з Богам, Творцам і Айцом усіх, і павінны быць сілай міра. Рэлігіі павінны
заўсёды ачышчацца, каб адпавядаць гэтай сваёй сапраўднай місіі.
Тут
я б хацеў увайсці ў цэнтральную тэму майго кароткага разважання: сумлення. Яно з’яўляецца
асноўным адносна шматлікіх сфераў і фундаментальным для справядлівага і свабоднага
грамадства, на нацыянальным і наднацыяльным узроўнях. Я думаю, канешне аб Еўропе,
гістарычна-культурнай часткай якой заўсёды была Харватыя, а зараз становіцца таксама
палітычна-адміністратыўнай. Сапраўды, вялікія дасягненні сучаснай эпохі, прызнанне
і гарантыя свабоды сумлення, правоў чалавека, свабоды навукі, і свабоднае грамадства,
яшчэ неабходна ўмацоўваць і развіваць, абапіраючыся на іх трасцэндэнтны фундамент.
Гэта неабходна для таго, каб дасягненні не знішчылі самі сабе, што, нажаль, ўжо адбылося
ў некаторых выпадках. Якасць грамадскага жыцця, якасць дэмакратыі залежаць ў многім,
ад гэтага важнага кампенента, якім з’яўляецца сумленне. Калі сумленне, згодна сучаснага
разумення, будзе заключана толькі ў суб’ектыўную сферу, да якой адносяцца рэлігія
і маральнасць, тады крызіс заходняга свету не спыніць і Еўропе наканавана будзе інвалюцыраваць.
Але калі, сумленне будзе разглядацца, як месца слухання праўды і дабра, месца адказнасці
перад Богам і бліжнім – што з’яўляецца сілай супраць любой дыктатуры – тады з’яўляецца
надзея на будучыню.
Я ўдзячны прафесару Зураку, за тое, што ён узгадаў
аб хрысціянскіх каранях шматлікіх культурных і навуковых інстытутаў гэтай краіны і
ўсяго еўрапейскага кантынента. Памятаць, аб гэтых каранях неабходна, нават дзеля гістарычнай
праўды, і важна мець здольнасць убачыць глыбіню гэтых каранёў, каб яны маглі жыць
і сёння. Важна зразумець дынаміку з’яўлення, напрыклад, стварэнне ўніверсітэта, мастацкай
плыні, ці шпіталя. Неабходна зразумець, чаму і як яны ўзніклі, каб ацэніць
сёння гэтую дынаміку, якая з’яўляецца духоўнай рэальнасцю, што становіцца культурнай
і грамадскай. У фундаменце ўсяго гэтага, заўсёды знаходзяцца мужчыны і жанчыны, асобы,
сумленні якіх кіраваліся сілай праўды і дабра. Мы ўжо ўзгадвалі аб некаторых выдатных
сынах гэтай зямлі.
Я хачу спыніцца на асобе айца Рудэра Ёсіпа Башковіча,
іезуіта, які нарадзіўся ў Дуброўніку трыста гадоў таму, а калі дакладна 18 мая 1711
г. У яго постаці вельмі добра злучаюцца вера і навука, які натхняюць адна адну, да
адкрытага пошуку. Яго самая значная праца называецца Theoria philosophiae naturalis.
Яна была апублікавана ў Вене, а потым у Венецыі ў сярэдзіне ХVІІІ ст.
Яе падтытул мае вельмі сімвалічнае значэнне. Ён гучыць як redacta ad unicam
legem virium in natura existentium, г.зн. “аб адзіным законе сілаў, што існуюць
у прыродзе”. У працах Башковіча ёсць аналіз, вывучэнне шматлікіх галінаў навукі, але
таксама ёсць вялікая прага адзінства. Гэта вельмі тыпова для каталіцкай культуры.
Таму, знакам надзеі з’яўляецца заснаванне Каталіцкага універсітэта ў Харватыі. Спадзяюся,
што яно паспрыяе адзінству паміж рознымі сферамі сучаснай культуры, каштоўнасцямі
і ідэнтычнасцю вашага народа, паспрыяе працягу укладу Касцёла ў жыццё шляхетнага харвацкага
народа. Вяртаючыся да айца Башковіча, эксперты кажуць, што яго тэорыя аб “працягласці”,
з’яўляецца дзейснай, як для натуральных навук, для геаметрыі, і можа быць ужыта для
вялікіх адкрыццяў у сучаснай фізіцы. Што тут можна сказаць? Узнясём хвалу выдатнаму
харвату, і сапраўднаму іезуіту; узнясём хвалу даследчыку праўды, які ведаў наколькі
яна яго пераўзыходзіць, але, які ведаў таксама як, ў святле праўды,
задзейнічаць розум, што даў яму Бог.
Акрамя пахвалы, неабходна
ацэніць метад, адкрытасць розуму гэтых вялікіх людзей. Вернемся да сумлення, як ключа
патрэбнага для культурнага будаўніцтва і пошуку супольнага дабра. У працэссе фарміравання
сумлення грамадства, уклад Касцёла з’яўляецца вельмі важным і каштоўным. Уклад, які
пачынаецца з сям’і і знаходзіць важнаеўмацаванне ў парафіі, дзе дзеці
і моладзь, вывучаюць Святое Пісанне, што з’яўляецца “вялікім кодэксам” еўрапейскай
культуры; і ў той жа час вучацца сэнсу супольнасці угрунтаванай на дары, а не на эканамічнай
зацікаўленасці ці ідэалогіі; на любові, якая з’яўляецца “асноўнай сілай неабходнай
для развіцця кожнага чалавека і ўсяго чалавецтва” (Caritas in veritate, 1).
Гэта логіка бескарыснасці, набываецца яшчэ ў дзяцінстве і юнацтве, і жыве потым ва
ўсіх асяродках: у гульнях і спорце, у міжасабовых адносінах, у мастацтве,
у валанцёрскім служэнні на карысць бедных і пакутуючых. Прынятая аднойчы яна можа
прыйсці ў больш складаныя сферы, такія як палітыка і эканоміка, у працу на карысць
стварэння поліса адкрытага і гасціннага, і ў той жа час не пустога, не па-фальшываму
нейтральнага, але багатага чалавечым зместам, з вельмі моцнай этычнай базай. Менавіта
тут christefidelis laici (свецкія вернікі) пакліканы фармавацца, кіруючыся
прынцыпамі Сацыяльнага навучання Касцёла, для сапраўднай свецкасці, для сацыяльнай
справядлівасці, для абароны жыцця, для рэлігійнай і адукацыйнай свабоды.
Дарагія
сябры, ваша прысутнасць і харвацкая культурная традыцыя натхнілі мяне да гэтых разважанняў.
Я пакідаю іх вам, як знак маёй прысутнасці і жадання Касцёла ісці ў свеце Евангелля
сярод вашага народа. Дзякую вам за вашу увагу і ад усяго сэрца благаслаўляю вас, вашых
блізкіх і вашу дзейнасць.