2011-06-01 13:32:50

Біскупы Еўропы размаўляюць пра адносіны з ісламам


RealAudioMP3 З 31 мая па 2 чэрвеня ў італьянскім Турыне праходзіць другая сустрэча прадстаўнікоў еўрапейскіх біскупскіх канферэнцый, якія адказваюць за каталіцка-мусульманскі дыялог у сваіх епіскапатах. У цэнтры прац знаходзіцца праблема ісламафобіі сярод хрысціян і ў сучасным грамадстве, а таксама інтэграцыя мусульманскіх супольнасцяў у грамадствы еўрапейскіх краін.

1 чэрвеня на форуме выступіў арцыбіскуп Турына Чэзарэ Носілія. У сваёй прамове ён звярнуў увагу на ідэалогію палітычных рухаў і партый у шэрагу еўрапейскіх краін, якія выкарыстоўваюць ісламафобію як рэагент свайго выбарчага поспеху. Іерарх адзначыў, што ў такіх умовах “цяжка асэнсаваць, або пераасэнсаваць заканадаўчыя рамкі мірнага суіснавання рэлігій у розных краінах Еўрасаюза”. Ён падкрэсліў, што шматлікія суб’екты грамадства пакліканы ўсталёўваць добрае, мірнае суіснаванне розных культур. Заканадаўства краіны павінна гарантаваць пашану агульных правоў і абавязкаў усіх, таксама і ісламскіх супольнасцяў з іх спецыфічнай культурай.

Арцыбіскуп Турына прывёў прыклад сваёй архідыяцэзіі, якая на працягу 16 гадоў супрацоўнічае з Цэнтрам “Федэрыка Пейрано”, асноўнай мэтай якога “з’яўляецца стварэнне правільных адносін з паслядоўнікамі ісламу”. У рамках сваёй дзейнасці каталіцкія выкладчыкі рэлігіі праводзяць адпаведныя фармацыйныя курсы для мусульман, - адзначыў арцыбіскуп Турыну. Ён паінфармаваў аб планах адкрыцця на тэрыторыі архідыяцэзіі радыё, якое будзе вяшчаць на арабскай мове. Таксама архідыяцэзія мае намер стварыць кансультатыўны цэнтр для хрысціянска-мусульманскіх параў, якія жадаюць заключыць сужэнскі саюз.







All the contents on this site are copyrighted ©.