Бэнэдыкт XVI узначаліў набажэнства на заканчэнне “марыйнага” месяца
Вечарам 31 мая Бэнэдыкт
XVI узначаліў працэсію і малітву ружанца, якая адбылася ў Ватыканскіх садах, каля
грота Найсвяцейшай Панны Марыі з Лурда, з нагоды заканчэння мая, месяца традыцыйна
прысвечанага Багародзіцы. У гэты дзень Каталіцкі Касцёл адзначае свята Адведзінаў
Найсвяцейшай Панны Марыі, калі ўзгадваецца момант сустрэчы Багародзіцы, якая насіла
пад сэрцам Езуса, са св. Альжбетай, што знаходзілася на шостым месяцы цяжарнасці.
У сваёй прамове Святы Айцец засяродзіў сваю ўвагу на разважані менавіта над гэтым
момантам у гісторыі збаўлення чалавецтва.
“На заканчэнне гэтага месяца ў спеве
праслаўлення хочам злучыць нашыя галасы з голасам Марыі. - сказаў Святы Айцец - Разам
з ёй хочам праслаўляць Пана, за тыя цуды, якія ён працягвае здзяйсняць у гісторыі
Касцёла і для кожнага з нас. Асабліва, з’яўляецца і застанецца крыніцай радасці і
ўдзячнасці, тое, што гэты месяц, прысвечаны Марыі, пачаўся з беатыфікацыі Яна Паўла
ІІ.” Якой вялікай ласкай для ўсяго Касцёла, з’яўляецца жыццё гэтага Папы!”, - адзначыў
Бэнэдыкт XVI.
Папа падкрэсліў, што Марыя па-сапраўднаму паверыла, што “у Бога
няма нічога немагчымага” і, упэўненая ў гэтым, дазволіла Святому Духу весці сябе ў
штодзённай пакоры адносна яго планаў. “Як можна не жадаць для нашага жыцця, такога
ж аддання? - сказаў Пантыфік - Таму, звяртаючыся сёння да “поўнай ласкі”, папросім
яе таксама і для нас здольнасці казаць “так” у адказ на Божыя задумы. Няхай яна, якая
прыняла ў сябе Слова Бога, якая даверылася Яму да канца, навучыць нас заўсёды шчыра
адказваць на Яго планы, нават калі яны клічуць нас абняць крыж”.