2011-06-01 13:16:04

Бэнэдыкт XVI: сучасны чалавек спрабуе стварыць багоў зразумелых, адпавядаючых яго чаканням


RealAudioMP3 Сваю сённяшнюю катэхезу прамоўленую падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра Бэнэдыкт XVI прысвяціў прыкладу малітвы Майсея. “Дарагія браты і сёстры, - сказаў Папа - чытаючы Стары Запавет, можна заўважыць, што там ёсць адзін чалавек, які адрозніваецца ад ўсіх іншых, перш за ўсё, як чалавек малітвы: гэта – Майсей. Майсей, вялікі прарок і лідэр часоў Зыходу. Ён прыняў на сябе функцыю пасярэдніка паміж Богам і Ізраэлем, несучы народу словы і запаведзі, ведучы яго да свабоды Абяцанай зямлі, навучаючы яўрэяў жыць у пакоры і давяраючы Богу падчас доўгага падарожжа па пустыні, але перш за ўсё молячыся. Ён прасіў фараона, калі Бог праз выпрабаванні спрабаваў перамяніць сэрцы егіпцян; прасіў Пана аб аздараўленні для сястры Марыі хворай на праказу, хадайнічаў за народ, які паўставаў і быў напужаны эксплуататарамі, прасіў, калі агонь пачаў пажыраць лагер і калі нападалі змеі; ён звяртаўся да Пана і спантанна рэагаваў, калі цяжар яго місіі станавіўся для яго занадта цяжкім; ён бачыў Бога і размаўляў з Ім “тварам у твар, як чалавек размаўляе са сваім сябрам”.

Пантыфік адзначыў, што ўвагу падчас сённяшняй катэхезы жадае звярнуць на фрагмент апісаны ў кнізе Зыходу, калі Майсей узышоў на гару Сінай, каб маліцца і пасціць, а ў гэты час народ, які заставаўся каля падножжа, прасіў Аарона зрабіць ім залатога ідала ў выглядзе цяля. “Праз малітву і пост Майсея падкрэсліваецца, што ён чакаў дара Божага закона як крыніцы жыцця: ён адкрывае волю Бога і наталяе сэрца чалавека, даючы яму магчымасць увайсці ў саюз з Найвышэйшым, які з’яўляецца крыніцай жыцця і самім жыццём”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.

Папа нагадаў, што тады, калі Пан дараваў Майсею закон, ля падножжа гары Сінай народ ужо яго парушаў. Няздольныя справіцца з чаканнем і адсутнасцю пасярэдніка, яны просяць Аарона, каб той зрабіў ім Бога, які можа “хадзіць па зямлі”. “Стомлены падарожжам з нябачным Богам, наракаючы, што нават Майсей знік, народ просіць датыкальнай, бачнай прысутнасці Пана, і знаходзіць ў залатым цяляці бога даступнага, зразумелага чалавеку. - адзначыў Святы Айцец - Гэта з’яўляецца пастаяннай спакусай ў веры: абыйсці Боскую таямніцу, ствараючы багоў зразумелых, якія адпавядаюць уласным чаканням, уласным планам. Калі ўзыходзіш на Сінай, бачыш усё глупства і ілюзорнасць, якая зыходзіць ад гэтай прысутнасці, як іранічна заўважае Псальм 106: “І памянялі радасць сваю на быка, што есць траву”. Таму Пан рэагуе і загадвае Майсею сысці з гары, адкрываючы яму свае планы: “Зараз дазволь, каб мой гнеў абрушыўся на іх. А з цябе я зраблю вялікі народ”. “Як Абрагаму, адносна Садома і Гаморы, так і Майсею, Бог адкрывае, што хоча зрабіць, аднак не хоча дзейнічаць без яго згоды. Бог кажа “дазволь, каб мой гнеў абрушыўся на ніх.

Паводле Бэнэдыкта XVI, “у рэальнасці, гэта “дазволь, каб мой гнеў абрушыўся на іх”, было сказана менавіта таму, што Майсей просіць Бога не рабіць гэтага, адкрываючы такім чынам, што сапраўдным жаданнем Бога з’яўляецца збаўленне. Як і для двух гарадоў у часы Абрагама пакаранне і разбурэнне, у якіх выражаецца Божы гнеў як знішчэнне зла, указваюць на цяжкасць учыненага граху; аднак у той жа час, просьба пасрэдніка паказвае жаданне Божага прабачэння. Гэта з’яўляецца збаўленнем Бога, якое звязана з міласэрнасцю, але ў той жа час адмовай ад граху. Так грэшнік, зразумеўшы і адрокшыся ад зла, можа дазволіць Богу прабачыць і перамяніць яго. Такім чынам, малітва затупніцтва робіць такой дзейснай Божую міласэрнасць у ручаіснасці сапсутай грэшнікам, што знаходзіць голас у просьбах таго, хто моліцца і прысутнічае праз яго там, дзе ёсць патрэба ў збаўленні”.

Папа дадаў, што Майсей прасіў Пана працягваць гісторыю збаўлення, прабачыўшы свайму народу. “Заступнік не просіць прабачэння за грахі народа, не пералічае цноты свае і людзей, але просіць аб бескарыснасці Бога: свабодны Бог, поўная любоў, якая не спрабуе аддаліцца, але застаецца заўсёды верным сабе самаму і дорыць грэшніку магчымасць вяртання да Яго, і пераўтварэння пасля прабачэння ў справядлівага і здольнага да вернасці”, - сказаў Папа.

Сваю катэхезу Бэнэдыкт XVI закончыў словамі апостала Паўла да хрысціян Рыма: “Хто будзе вінаваціць выбраннікаў Божых? Бог, які апраўдвае? Хто Той, які асудзіць? Хрыстус Езус, які памёр, але які уваскрос, і які сядзіць праваруч Бога і заступаецца за нас? Ні смерць, ні жыццё, ні анёлы, ні ўладары, ніякае стварэнне не зможа адлучыць нас ад любові Бога, якая ў Хрысце Пану нашым”.







All the contents on this site are copyrighted ©.