2011-05-31 11:29:45

Брусель: сустрэча рэлігійных лідэраў Еўропы з кіраўніцтвам Еўрапейскага Саюза


RealAudioMP3 30 мая ў Бруселі адбылася сустрэча кіраўніцтва Еўрапейскага Саюза з рэлігійнымі лідэрамі Еўропы. Яна стала сёмай па ліку ў шэрагу штогадовых сустрэч, якія праводзяцца Прэзідэнтам Еўракамісіі Жазэ Мануэлем Барозу, пачынаючы з 2005 г. Больш за дваццаць прадстаўнікоў рэлігійных арганізацый краін Еўрасаюза сабраліся ў штаб-кватэры Еўрапейскай Камісіі для абмеркавання прапанаванай тэмы: “Супрацоўніцтва дзеля дэмакратыі і ўзаемнага росквіту: агульнае імкненне да распаўсюджвання дэмакратычных правоў і свабодаў”. У ходзе абмеркавання было закранута значна больш шырокае кола пытанняў, якое ўключала праблемы іміграцыі, міжрэлігійнага і міжкультурнага дыялогу, становішча на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы і многія іншыя.

Каталіцкі Касцёл на гэтай сустрэчы прадстаўляў арцыбіскуп Мюнхенскі, кардынал Рэйнхард Маркс. Падчас форуму ён падкрэсліў, што “рэлігія не з'яўляецца перашкодай для дэмакратычнага і свабоднага грамадства, але яго часткай. Дэмакратыя немагчыма без павагі да свабоды веравызнання”. Ён звярнуў увагу на сітуацыю ў паўднёвым Міжземнамор'е, якая з'яўляецца прычынай для турботы адносна таго, ці правы меншасцяў будуць сапраўды абаронены.

У сустрэчы прынялі ўдзел кіраўнікі ўсіх трох інстытутаў Еўрапейскага Саюза: Прэзідэнт Еўрапейскай Камісіі Жазэ Мануэль Барозу, Прэзідэнт Еўрапейскага Парламента Ежы Бузэк і Прэзідэнт Еўрапейскага Савета Херман ван Рампей. З боку ЕС у мерапрыемстве таксама ўдзельнічалі: віцэ-прэзідэнт Еўрапарламента, адказны за рэлігійны дыялог, Ласла Тэкеш, камісар па пытаннях аховы здароўя і спажывецкай палітыцы Джон Даллі, а таксама камісар па пытаннях пашырэння і палітыцы суседства Штэфан Фюле.







All the contents on this site are copyrighted ©.