2011-05-31 12:59:15

Арцыбіскуп Кандрусевіч занепакоены сацыяльна-палітычнай сітуацыяй у Беларусі


RealAudioMP3 Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч занепакоены працэсамі, якія адбываюцца ў Беларусі. Ён скіраваў адмысловы зварот, у якім з пункту гледжання сацыяльнага навучання Касцёла аналізуе працэсы ў грамадстве і нагадвае, што ў фундаменце грамадскіх рашэнняў заўсёды павінна быць павага і любоў членаў грамадства адзін да аднаго.

Паводле іерарха, “у апошнія часы складаная сацыяльна-палітычная сітуацыя ў Беларусі яшчэ больш пагоршылася ў сувязі з наступіўшай інфляцыяй, што выклікала вялікую занепакоенасць людзей і вядзе да рознага роду спекуляцый і выкарыстання чужой бяды дзеля нажывы. Акрамя таго, праявы нецярпімасці і шматлікія ўзаемныя абвінавачванні негатыўна ўплываюць на агульную атмасферу ў краіне”.

Мітрапаліт цытуе пантыфікаў, якія шмат думак прысвяцілі грамадскім працэсам і сацыяльным праблемам. “Ян Павел II навучаў, што сапраўднае развіццё не павінна абмяжоўвацца толькі памнажэннем дабротаў і паслугаў, гэта значыць таго, чым можна валодаць. Сапраўднае развіццё павінна спрыяць паўнаце чалавечага быцця”. Арцыбіскуп Кандрусевіч нагадвае, што “для дасягнення гэтых мэтаў сацыяльнае вучэнне Касцёла прапаноўвае чатыры каштоўнасці, якія павінны ўвайсці ў нашае жыццё і стаць яго фундаментам: праўду, свабоду, справядлівасць і любоў”.

Паводле Мітрапаліта, хаця прамым абавязкам Касцёла не з’яўляецца заснаванне справядлівых структур, бо гэта належыць да свету палітыкі, тым не менш, заданнем Касцёла з’яўляецца ачышчэнне розуму і прабуджэнне ў чалавеку маральных сілаў, без якіх існуючыя структуры не могуць эфектыўна дзейнічаць.

Мітрапаліт, які адзначае сёння 30-годдзе святарскага пасвячэння, піша: “Занепакоены існуючай сітуацыяй, звяртаюся да дзяржаўных уладаў, свету палітыкі, эканомікі, навукі, культуры, грамадскіх арганізацый, усіх людзей добрай волі, каб пры вырашэнні нялёгкіх сучасных праблем кіраваліся ўзаемнай любоўю і пашанай як грамадзяне адной краіны, якая павінна быць нашым супольным домам, прымалі пад увагу маральныя нормы і прынцыпы сацыяльнага вучэння Касцёла, каб у нашай Бацькаўшчыне мы сапраўды маглі будаваць цывілізацыю жыцця, справядлівасці і любові”.







All the contents on this site are copyrighted ©.