2011-05-28 12:30:08

Мінскія ўлады змянілі рашэнне. Працэсія Божага Цела ў цэнтры горада


RealAudioMP3 Працэсія Божага Цела ў Мінску пройдзе ў нядзелю 29 мая па традыцыйным маршруце, гэта значыць, па цэнтральных вуліцах сталіцы. Рашэнне было прынята, а скарэй зменена, Мінгарвыканкамам 28 мая, напярэдадні самай значнай для католікаў горада маніфестацыі веры. Некалькі дзён таму каталіцкая супольнасць на чале з Мітрапалітам Кандрусевічам з недаўменнем успрыняла рашэнне гарадской адміністрацыі аб скіраванні дзесяцітысячнай працэсіі па вузкім тратуарам перыферыйных вуліц, якія да таго ж знаходзяцца на стадыі рамонта. Не хацелася б думаць, што ўлады горада паблыталі працэсію з “бегам з перашкодамі”.

Пасля адкрытага звароту арцыбіскупа Кандрусевіча, Мінгарвыканкам усё ж такі даў згоду на правядзенне эўхарыстычнай працэсіі па цэнтральных вуліцах Мінска. Аб гэтым стала вядома толькі сёння. У адказ Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі падкрэсліў, што “гэты жэст з боку ўладаў паспрыяе кансалідацыі грамадства і дасць магчымасць у малітоўным засяроджанні прайсці ўслед за Езусам Эўхарыстычным, молячыся таксама за нашу краіну”.

Ужо стала традыцыяй, што католікі на працягу гадоў атрымліваюць адказ ад гарадской адміністрацыі на конт працэсіі толькі за некалькі дзён да яе правядзення, увесь час знаходзячыся ў няўпэўненасці, ці яна адбудзецца і якім чынам і дзе будзе дазволена яе правядзенне, не маючы магчымасці нават за пару тыдняў запрасіць на яе дакладна і з упэўненасцю вернікаў. Паўстае пытанне, ці католікі сапраўды павінны “бароцца” за месца пад сонцам у гэтым горадзе і яго цэнтральных вуліцах? Проста, каб вызнаваць і дэманстраваць сваю веру. Пытанне рытарычнае, а адказ відаваочны: не, яны маюць на гэта права.

Працэсія пройдзе 29 мая па традыцыйным маршруце з чатырма прыпынкамі: касцёл Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой горцы − Плошча Перамогі – Кастрычніцкая плошча – Чырвоны касцёл − архікатэдра. Усё распачнецца св. Імшой каля касцёла св. Роха ў 9.00 гадзін.

кс. Аляксандр Амяльчэня







All the contents on this site are copyrighted ©.