2011-05-28 16:15:24

Англікане і католікі абмеркавалі супольнае этычнае навучанне


RealAudioMP3 Закончылася пасяджэнне Міжнароднай англіканска-каталіцкай камісіі, якое праходзіла 17-27 мая 2011 г. у кляштары Босэ. У склад камісіі, якую ўзначальваюць англіканскі арцыбіскуп з Новай Зеландыі Дэвід Моксан і каталіцкі арцыбіскуп Бірмінгема Бернард Лонглі, уваходзіць 19 тэолагаў з розных краін свету. Згодна з супольнай дэкларацыяй папы Бэнэдыкта XVI і арцыбіскупа Роўэна Уільямса, апублікаванай у 2006 г., камісія вяла дыскусіі аб Касцёле на мясцовым і паўсюдным узроўнях і яго этычным навучанні ў аспекце адзінства.

Гэта ўжо трэццяе пасяджэнне камісіі, таму першыя дні яе працы былі прысвечаны знаёмству з вынікамі дыскусій, якія вяліся падчас папярэдніх сустрэч. “Англікане і католікі могуць дапамагчы адзін аднаму ўзрастаць у веры, у жыцці і хрысціянскім сведчанні, калі з’яўляюцца адкрытымі на ласку, якая можа перамяняць і адных і другіх”, - гаворыцца ў паведамленні аб выніках прац Камісіі.

На заканчэнне пасяджэння яго ўдзельнікамі былі падрыхтаваны фінальныя дакументы з праграмай далейшай працы, у якой Касцёл разглядаецца перш за ўсё ў святле свайго існавання на фундаменце Хрыста ў Пасхальнай таямніцы. У паведамленні гаворыцца, што “камісія спрабуе развіць тэалагічнае бачанне чалавечай асобы, грамадства і новага жыцця ў ласцы Хрыста. Гэта стане фундаментам, на якім будзе працягвацца далейшае вывучэнне таго, якім чынам этычнае навучанне можа быць выкарыстана Касцёлам на мясцовым і ўніверсальным узроўні”.







All the contents on this site are copyrighted ©.