2011-05-27 15:29:43

Італія: форум еўрапейскіх біскупаў аб дыялогу з мусульманамі


RealAudioMP3 З 31 мая па 2 чэрвеня ў Турыне адбудзецца ІІ сустрэча дэлегатаў Біскупскіх канферэнцый Еўропы па адносінах з мусульманамі. Удзельнікі форума паспрабуюць адказаць на пытанні аб стане дыялогу паміж мусульманамі і хрысціянамі ў Еўропе, аб успрыманні іслама ў розных еўрапейскіх краінах, аб пагрозе вобразаў гвалту ў краінах Міжземнаморыя, выклікаць сярод жыхароў Еўропы пачуццё страху і нецярпімасці ў адносінах да ісламу, якім чынам можна спрыяць здароваму і яснаму дыялогу з рознымі мусульманскімі супольнасцямі і г.д.

Генеральны сакратар Каталіцкіх епіскапатаў Еўропы кс. прэлат Дуартэ да Кунга адзначыў, што сустрэча будзе мець душпастырскі характар, таму што тэалагічны дыялог з мусульманамі вядзе Папская рада па міжрэлігійным дыялогу. “Форум у Турыне з’яўляецца нагодай для таго, каб паказаць, што Каталіцкі Касцёл вядзе дыялог і падтрымлівае адносіны з мусульманскімі супольнасцямі ў розных еўрапейскіх краінах, якія адрозніваюцца сваёй гісторыяй, культурай і колькаснай прысутнасцю мусульманаў”, сказаў кс. да Кунга.

На сустрэчы у Турыне будуць прысутнічаць шматлікія важныя госці, якія ўзбагацяць форум сваімі сведчаннямі. Кардынал Жан-Луі Таран, старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу, зачытае даклад аб каталіцка-мусульманскіх адносінах на нашым кантыненце. Арцыбіскуп Тунісу Мароўн Лагам падрыхтуе выступленне аб адносінах паміж мусульманамі і хрысціянамі на Блізкім Усходзе і ў паўночнай Афрыцы. Сустрэча каталіцкіх іерархаў закончыцца 2 чэрвеня правядзеннем круглага стала.








All the contents on this site are copyrighted ©.