2011-05-27 14:33:31

Неабходна канструктыўная пазіцыя хрысціян на Блізкім Усходзе


RealAudioMP3 “Хоць моладзь, якая была галоўнай сілай так званай “арабскай вясны народаў” і заклікала да салідарнасці паміж хрысціянамі і мусульманамі, пашаны правоў чалавека і захавання свецкага характару дзяржавы, аднак краіны Блізкага Усходу і паўночнай Афрыкі накіроўваюцца да ісламскага фундаменталізму”, сказаў у інтэрв’ю агенцтву “SIR” кс. Халіл Самір, іезуіт з Егіпта, спецыяліст па праблемах мусульманскага свету, які прымае ўдзел у ХІХ Асамблеі “Caritas Internationalis”, праца якога праходзіць у Рыме

Кс. Самір адзначыў, што егіпецкая моладзь, якая імкнецца да большай дэмакратыі мае вельмі слабую арганізацыю, у параўнанні з ісламскімі фундаменталістамі, якія дзейнічаюць у гэтай краіне на працягу 30 гадоў. Акрамя таго, іезуіт мяркуе, што хрысціяне павінны быць больш адкрытымі і актыўна ўдзельнічаць у жыцці сваёй краіны. “Хрысціянска-мусульманскае супрацоўніцтва магчыма пры ўмове, што ніхто не будзе вымушаны пакідаць краіну, у надзеі, што можна будзе свабодна вызнаваць сваю веру”, адзначае егіпецкі іезуіт.

Кс. Самір сказаў, што добрай мадэллю, у якой “арабская вясна” можа быць таксама “вясной хрысціян” з’яўляецца сітуацыя ў Ліване. У гэтай краіне, нягледзячы на тое, што дзве трэці насельніцтва складаюць мусульмане, хрысціяне займаюць палову месцаў у парламенце. “Гэта стала магчымым таму, што хрысціяне паказалі, што іх прысутнасць у краіне з’яўляецца канструктыўнай. Яна прынесла шмат каштоўных аспектаў у жыццё краіны”,- адзначыў кс. Самір.








All the contents on this site are copyrighted ©.