2011-05-25 13:25:20

Бэнэдыкт XVI: малітва, гэта барацьба за Божае благаслаўленне


RealAudioMP3 Сваю сённяшнюю катэхезу, прамоўленную падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра, Бэнэдыкт XVI прысвяціў старазапаветнаму фрагменту, у якім распавядаецца гісторыя барацьбы Якуба з Богам каля ракі Ябох. “Гэты ўрывак, з’яўляецца дастаткова цяжкім для разумення, але адначасова важным для нашай веры і малітвы”, - адзначыў Святы Айцец.

Пантыфік прыгадаў гісторыю аб тым, як Якуб вымяняў у свайго брата Эзава першароднасць і скраў благаслаўленне свайго айца Ісаака. Уцякаючы ад гнева Эзава, ён схаваўся ў свайго сваяка Лабана; ажаніўся, разбагацеў і вяртаўся ў родную зямлю, падрыхтаваўшыся да бітвы з братам. Калі ўсё было гатова да змагання, ноччу, Якуб перапраўляецца на іншы бераг ракі Ябох. І тут раптам, на яго нападае нехта невядомы, з кім ён змагаецца на працягу ўсёй ночы. “Менавіта гэта змаганне, аб якім распавядаецца ў 32 раздзеле Кнігі Быцця, становіцца для яго асабістым спатканнем з Богам”, - сказаў Папа.

“Ноч, гэта вельмі спрыяльны час, для таго, каб дзейнічаць патаемна. Яна давала магчымасць Якубу ўвайсці на тэрыторыю свайго брата незаўважна і раптоўна напасць на яго. Аднак, менавіта Якуб становіцца аб’ектам нападу, да якога не быў падрыхтаваны. Ён выкарыстоўваў усю сваю хітрасць, каб пазбегнуць небяспечнай сітуацыі, хацеў усё трымаць пад кантролем, аднак быў вымушаны весці таямнічую барацьбу з тым, хто застаў яго ў адзіноце і не даваў магчымасці арганізаваць адпаведную абарону. Біблійны тэкст не распавядае падрабязна аб агрэсары; у ім выкарыстоўваецца яўрэйскі тэрмін, які азначае “чалавек”, “хтосці”. Маецца на ўвазе нешта абшырнае, неакрэсленае, таямнічае. Была цемра, і Якуб не быў здольны разглядзець нападаючага і для чытача ён таксама застаецца невядомым. Толькі напрыканцы, калі барацьба была амаль закончана і гэты “нехта” знік, Якуб называе яго імя і кажа аб тым, хто змагаўся з Богам”.

Бэнэдыкт XVI расказаў, што падчас гэтай барацьбы, было вельмі складана ўбачыць не толькі нападаючага, але і сачыць за ходам барацьбы. “На пачатку здавалася, што Якуб быў мацнейшым, бо яго вораг казаў “не магу перамагчы”; аднак, усё ж здолеў ударыць Якуба, у выніку чаго той застаецца храмым. - распавёў Пантыфік - Здавалася, што Патрыярх праіграў, але ў той жа момант вораг просіць адпусціць яго. Якуб адказвае: “Не адпушчу, пакуль не благаславіш мяне”. Святы Айцец заўважыў, што пераможаны спытаўся у свайго пераможцы імя. “Ведаць імя азначае ведаць праўду аб іншым і, гэта значыць, ець магчымасць дамінаваць. - сказаў Папа - Калі Якуб называе сваё імя, ён аддаецца ў рукі свайго праціўніка, гэта выраз поўнага даверу сябе іншаму”.

Ад гэтага моманту Якуб атрымаў новае імя, Ізраіль, што азначае “Бог моцны, Бог пераможа”. Такім чынам, ад свайго ворага ён атрымаў новую ідэнтычнасць. Якуб атрымлівае благаслаўленне і ў гэты момант бачыць, што яго благаслаўляе Бог. Якуб кажа: “Сапраўды, я бачыў Бога тварам у твар, і маё жыццё было збаўлена”.

“Існуе вялікая колькасць тлумачэнняў гэтага біблійнага фрагмента. Даследчыкі звязваюць яго з літаратурнымі асаблівасцямі ці народнымі апавяданнямі. Але, калі гэтыя апавяданні былі ўключаны ў святыя тэксты, яны набываюць больш шырокае значэнне. Эпізод барацьбы каля ракі Ябох прадстаўляе верніку парадыгматычны тэкст, у якім народ Ізраіля кажа аб сваім паходжанні і падкрэслівае адносіны паміж Богам і чалавекам. Таму, як адзначаецца ў катэхізісе, “духоўная традыцыя Касцёла бачыць у гэтым апавяданні сімвал малітвы, як барацьбы веры і перамогі настойлівасці”. Біблійны тэкст кажа нам аб доўгай ночы пошуку Бога, барацьбе за тое, каб ведаць Яго Імя і бачыць Яго аблічча; гэта ноч малітвы, у якой з упартасцю і настойлівасцю мы просім Бога аб благаслаўленні і новым імені, новай рэальнасці , якая становіцца плёнам навяртання і прабачэння”.

Папа адзначыў, што ноч, якую Якуб правёў на беразе Ябоха, стала для нас фрагментам, які дае зразумець адносіны з Богам, што ў малітве дасягаюць свайго найвялікшага выразу. “Малітва патрабуе даверу, блізасці, амаль сімвалічнага кантакту цела да цела з Богам, але не як з ворагам, але як з Панам, што благаслаўляе і застаецца таямнічым і амаль недасягальным. - сказаў Бэнэдыкт XVI - Таму аўтар святога тэксту выкарыстоўвае сімвал барацьбы, якая патрабуе сілы духа, настойлівасці, упартасці ў дасягненні жадання. І калі аб’ектам жадання з’яўляюцца адносіны з Богам, яго благаслаўленне і любоў, тады барацьба не можа не закончыцца дарам сябе Богу, прызнаннем уласнай слабасці, якая перамагае, калі мы цалкам давяраемся ў міласэрныя рукі Бога”.
“Усё наша жыццё гэта доўгая ноч малітвы, жаданне Божага благаслаўлення, якое павінна быць атрымана ад Яго з пакорай, як дар, што дазваляе убачыць аблічча Пана”, - заўважыў Бэнэдыкт XVI у сваё катэхезе падчас сённяшняй агульнай аўдыенцыі.







All the contents on this site are copyrighted ©.