2011-05-24 14:59:52

“Homo caritatis”. Хрысціянін у палітыцы і закон аб аборце


RealAudioMP3 У мінулай праграме мы размаўлялі аб абароне жыцця, сферы фундаментальнай для хрысціяніна, які займаецца грамадскай ці палітычнай дзейнасцю. Абараняючы чалавечае жыццё на любой яго стадыі, мы закладаем аснову для пазітыўных, салідарных адносінаў паміж людзьмі ва ўсім грамадстве. Адкрытая пазіцыя грамадства да новага жыцця стварае атмасферу братэрства, клопату і любові да бліжняга. Сярод людзей з часам нараджаецца ўпэўненасць, пачуццё бяспекі і адзінства, якое грунтуецца на ўніверсальных каштоўнасцях, веры ў супольныя сапраўдныя ідэалы, гатоўнасць дапамагаць і абараняць іншага.

Выклік закона аб аборце

Аднак сёння вырашыць праблему існавання пагрозаў для жыцця вельмі цяжка. У нашай краіне абартыўная палітыка была легалізавана яшчэ ў 20-я гг. мінулага стагодзя. Менавіта СССР быў першым у свеце, дзе было ўведзена ўсеагульнае права на аборт. Сёння ў нашай краіне жанчынам прапаноўваецца вельмі багаты спектр паслуг у гэтай сферы: ад хірургічнай аперацыі да новых медыкаментаў. Таму для хрысціяніна гэта сфера з’яўляецца выклікам, аднак вельмі не простым. Калі ў дзяржаве ўжо існуе такое памылковае і не годнае чалавека права, то першае заданне, якое стаіць перад веруючым у Хрыста, гэта, прынамсі, спрыяць таму, каб людзі ім не карысталіся. Хоць у перспектыве, канчатковай мэтай, павінна быць поўнае выключэнне абартыўных практык.

Паказаць жанчыне яе дзіця

Калі грамадзянскі закон адначасова гаворыць аб клопаце пра жыццё чалавека, трэба яго выкарыстоўваць, каб дапамагчы жанчыне не здзейсніць забойства. У гэтым павінны быць зацікаўлены розныя структуры грамадства – і рэлігійныя і свецкія. Напрыклад, у некаторых краінах уводзіцца практыка абавязковай падрабязнай кансультацыі перад абортам. З дапамогай ультрагуку жанчына бачыць эмбрыён і урач павінен падрабязна патлумачыць ёй усё аб ім і яго развіцці. Будучая маці слухае біццё яго сэрца. Такім чынам яна бачыць, што пад яе сэрцам жыве сапраўднае дзіця. У выніку, многія часта змяняюць сваё рашэнне і штогод выратоўваюцца міліёны жыццяў. Існаванне такой практыкі стала магчымай менавіта дзякуючы намаганням вернікаў у палітыцы.

Забяспечыць жанчыну падтрымкай

Адначасова, жанчына павінна мець падтрымку з боку грамадства. Часта аборт з’яўляецца вынікам таго, што яна адчувае сябе самотнай, пакінутай, застаўленай адзін на адзін у сітуацыі сумневаў. Часта, калі жанчына прабывае ў такім цяжкім духоўным стане, тыя, хто павінен ёй дапамагаць, хто павінен аказаць падтрымку, стаць апорай і па-сапраўднаму блізкім чалавекам, наадварот схіляе да аборта, як да самага простага “вырашэння праблемы”. Таму грамадства павінна быць адкрытым і клапаціцца аб стане жанчыны, аб будучыні яе і дзіцяці. Людзі, якія знаходзяцца побач у такі крытычны для жанчыны момант, калі яна вырашае зрабіць аборт, павінны даваць ёй надзею і зрабіць усё магчымае, каб не дазволіць зрабіць гэта, што з’яўляецца таксама выклікам для хрысціян.

Спрыяць зменам у законе

Нарэшце, яшчэ адным заданнем для хрысціяніна ў аблічы закону, які дазваляе аборты, гэта спрыяць прынамсі зменам у гэтым законе. Сучасныя тэхналогіі і развіццё навукі ўжо сёння даюць жынчыне магчымасць нарадзіць дзіця на 22 тыдні цяжарнасці. Таму з’яўляецца абсалютна абсурдным існаванне ў Беларусі магчымасці рабіць аборт на 22 тыдні цяжарнасці. Для хрысціян гэта можа таксама стаць магчымасцю для фарміравання ў грамадстве меркавання, аб тым што гэты закон варта змяніць. Аднак, нагадаю яшчэ раз, што канчатковай мэтай, усё роўна павінна быць поўнае выключэнне аборта. І хрысціяне ў палітыцы не павінны забывацца аб тым, што трэба адкрыта казаць аб несправядлівасці існуючага закона.

Супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю

Палітык, які адчувае гэту несправядлівасць і жадае змяніць існуючую сітуацыю, павінен выкарыстоўваць для гэтага розныя магчымасці і сітуацыі. Яго намаганні могуць рэалізоўвацца на мясцовым, агульнанацыянальным і міжнародным узроўні. Неабходна ўстанавіць адносіны блізкага супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю для спрыяння развіццю культуры жыцця. Хрысціянін у палітыцы павінен быць апорай для дзейнасці розных груп, асацыяцый, свецкіх і рэлігійных рухаў, якія дапамагаюць жанчынам нарадзіць, падтрымліваюць яе падчас цяжкасцяў, дапамагаюць у выхаванні, спрыяюць культурнаму развіццю дзіцяці, праводзяць інфармацыйныя кампаніі скіраваныя на павагу да жыцця. Такія адносіны супрацоўніцтва могуць дапамагаць палітыку, вельмі узбагачаючы яго дзейнасць, і адначасова з’яўляюцца карыснымі для групаў, таму што адбываецца ўзаемнае стымуляванне для дасягнення агульнай мэты.

Перад палітыкам, які лічыць сябе хрысціянінам, стаіць заданне не замоўчваць гэту праблему, натхняць да яе абмеркавання, даваць інтэрв’ю, удзельнічаць у дэбатах, таму што абарона жыцця з’яўляецца фундаментальным заданнем здаровага грамадства. Хрысціяніну у палітыцы варта памятаць, што ён мае вялікія магчымасці для таго, каб мабілізаваць грамадства да абароны жыцця.


Знакі надзеі ў беларускім грамадстве

Першыя пазітыўныя крокі ў накірунку памяньшэння колькасці абортаў у Беларусі робяцца зараз. У выніку актыўнай пазіцыі Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы, а таксама грамадскіх арганізацый “pro life”, Міністэрства аховы здароўя пагадзілася правесці у 6 жаночых кансультацыях г. Мінска кампанію “У абарону чалавечага жыцця”. Яна прадугледжвае аказанне псіхалагічнай і духоўнай дапамогі жанчынам, якія плануюць зрабіць аборт, з мэтай змены іх рашэння.








All the contents on this site are copyrighted ©.