2011-05-24 15:52:57

Ватыкан: прэзентацыя зборніка катэхез “Сям’я: праца і свята”


RealAudioMP3 24 мая ў Ватыкане адбылася прэзентацыя дакумента “Сям’я: праца і свята”, які з’яўляецца зборнікам катэхез, падрыхтаваных спецыяльна да VII Сусветнага форума сем’яў, што пройдзе з 30 мая па 3 чэрвеня 2012 г. у Мілане.

Падчас прэзентацыі дакумента кардынал Эніё Антанэллі, прэфект Папскай рады па справах сям’і, расказаў аб стварэнні новага сайта дыкастэрыі, мэта якога інфармаваць аб дзейнасці гэтага органа Рымскай курыі і яго праектах, а таксама заахвочваць лакальныя касцёлы і свецкіх вернікаў да супрацоўніцтва ў галіне абароны сям’і і жыцця.

Іерарх расказаў аб тым, што 13 мая 1981 г., у дзень замаху на Яна Паўла ІІ, Святым Айцом была афіцыйна ўстаноўлена Папская рада па справах сям’і і Папскі інстытут па вывучэнні сужэнства і сям’і, які сёння носіць імя благаслаўлёнага Папы. Акрамя таго ў гэтым годзе адзначаецца 30-я гадавіна Апостальскага ліста Яна Паўла ІІ “Familiaris consortio” аб ролі хрысціянскай сям’і ў сучасным свеце. Кардынал Антанэллі сказаў, што і сёння ў святле гэтага дакумента, установы створаныя Пантыфікам займаюцца абаронай сямейных каштоўнасцяў. “Папская рада па справах сям’і на сённяшні дзень складаецца з кардынала кіраўніка, трынаццаці супрацоўнікаў, 25 кардыналаў і бікупаў, якія ўваходзяць у кіраўнічы камітэт, 20 сямейных пар членаў рады, а таксама 40 экспертаў, што працуюць у якасці кансультантаў”, - расказаў іерарх.

Кардынал Антанэллі адзначыў таксама, што форум сем’яў які пройдзе ў наступным годзе ў Мілане будзе насіць тэалагічна-пастырскі характар. Падчас яго будуць праходзіць супольныя малітвы, рабіцца даклады, весціся тэматычныя дыскусіі. Цікава, што на кангрэсе будуць прысутнічац і дзеці ўдзельнікаў. Для іх будзе арганізавана спецыяльная праграма. У апошнія дні сустрэчы ўдзельнікі мерапрыемства будуць мець магчымасць сустрэцца з папам Бэнэдыктам XVI.

Прэфект Папскай рады па справах сям’і заклікаў да духоўнай падрыхтоўкі да гэтага форума, на нацыянальным, дыяцэзіяльным і парафіяльным узроўнях.







All the contents on this site are copyrighted ©.