2011-05-23 17:33:42

"У пошуку хрысціянскай ідэнтычнасці". Спадчыннасць граху


RealAudioMP3 Мы працягваем пошукі таго, што мацуе хрысціянскую ідэнтычнасць сучаснага католіка. У сённяшняй перадачы хацеў бы запрасіць Вас разам пашукаць адказ на даволі дыскусійнае пытанне аб спадчыннасці граху. Наколькі на нашае жыццё ўплываюць грахі нашых продкаў?

У папярэдніх перадачах мы заўважылі, што ў нашым жыцці велізарную ролю адыгрываюць адносіны. У першую чаргу гаворка ішла пра міжасабовыя адносіны з людзьмі, якіх мы сустракаем у сваім штодзённым жыцці. Духоўна здаровае асяроддзе спрыяе нашаму духоўнаму росту і ўмацаванню. У сваю чаргу негатыўнае акружэнне нясе ў сабе небяспеку аслаблення нашага духа, можа быць крыніцай вялікага выпрабавання веры. З гэтага вынікае патрэба пошуку такога акружэння і кантактаў, якія б нас умацоўвалі. Інтэнсіўныя кантакты з Богам і добрымі хрысціянамі могуць быць найлепшай крыніцай мацавання духа.

Аднак айцы Касцёла і вучоныя заўважаюць, што на нас уплываюць не толькі адносіны з людзьмі, якія нас акружаюць. Велізарны ўплыў на тое, якія мы ёсць, аказвае нашая спадчыннасць. Гэта сям’я, у якой мы нарадзіліся і асяроддзе, з якога мы выйшлі. У звычайным жыцці можна заўважыць падабенства дзяцей да бацькоў. І гэтае падабенства выражаецца ў розных сферах і на розных узроўнях.

Можна гаварыць аб спадчыннасці на фізічным, або цялесным узроўні. Гэта нашае знешняе падабенства да бацькі і маці: рысы твару, колер вачэй, структура цела. Нашая фізічная спадчыннасць – гэта не толькі знешняе падабенства да продкаў, але і ўнутранае падабенства здароўя арганізма. На жаль, гэтая фізічная спадчыннасць нясе ў сабе і негатыўныя моманты. Гэта тое, што медыкі называюць генетычнымі або спадчыннымі хваробамі. Часта можна заўважыць, што ў сям’і ў кожным пакаленні паўтараюцца нейкія фізічныя хваробы. Свядомасць цялеснай спадчыннасці можа дапамагчы кожнаму новаму пакаленню ўмела выкарыстаць яе пазітыўныя бакі і засцерагчыся перад магчымымі праяўленнямі слабасці натуры.

Акрамя фізічнай, можна гаварыць таксама пра псіхічную спадчыннасць. Часцей за ўсё гэта праяўляецца ў падабенстве характару, жэстаў, спосабаў паводзін дзяцей да бацькоў. Больш глыбока гэтая псіхічная спадчыннасць праяўляецца ў зацікаўленасцях і схільнасцях, якія могуць быць добрыя і дрэнныя. Прыкладам пазітыўнай псіхічнай спадчыннасці можа быць абвостранае пачуццё справядлівасці, годнасці, дакладнасці. Негатыўнымі прыкладамі могуць быць схільнасці да дэпрэсій, алкагалізма, сэксуальнай разбэшчанасці, прыстасаванасці. Можна заўважыць у сем’ях характэрнае паўтарэнне ў кожным пакаленні тых самых псіхалагічных праблем. Веды аб псіхічных цнотах і заганах сваіх продкаў дае магчымасць пазітыўна выкарыстаць добрую спадчыннасць і засцерагчыся перад схільнасцямі да злога.

Здаецца, у сучасным свеце шмат гаворыцца пра ўплыў фізічнага і псіхічнага здароўя бацькоў на дзяцей. Я ж хацеў бы запрасіць вас, шаноўныя слухачы, звярнуць увагу на трэці аспект спадчыннасці, які не заўсёды ўлічваецца людзьмі. Гэта духоўнае жыццё нашых продкаў, якое мае велізарны ўплыў на нас. Здаецца, кожнаму зразумела, што ў духоўна здаровай сям’і будуць узрастаць не толькі духоўна, але і псіхалагічна здаровыя дзеці. Больш таго, многія фізічныя праблемы знікаюць у духоўна здаровым асяроддзі. Сучасныя медыкі ўсё болей звяртаюць увагу на тое, што большасць цялесных хваробаў чалавека наўпрост залежаць ад яго псіхалагічнага і духоўнага стану.

У нашай наступнай перадачы пастараемся больш падрабязна засяроддзіцца на тым, як духоўнае здароўе продкаў уплывае на стан духа нашчадкаў. Прыгледзімся да таго, на колькі грахі продкаў уплываюць на нашае жыццё. А таксама звернем увагу на тое, як шчырае навяртанне да Бога можа прынесці доўгачаканае міжпакаленнае аздараўленне.








All the contents on this site are copyrighted ©.