"У пошуку хрысціянскай ідэнтычнасці". Кантакт з Богам
Паважаныя слухачы,
у нашых папярэдніх радыёспатканнях мы пачалі разважаць аб велізарнай ролі адносінаў
у духоўным жыцці чалавека. Мы заўважылі, што здольнасць і жаданне чалавека усталёўваць
кантакты мае глыбокае не толькі псіхалагічнае, але і тэалагічнае значэнне.
Чалавек
створаны на вобраз і падабенства Бога – Тройцы Асобаў – інстынктыўна імкнецца да пабудовы
глыбокіх і трывалых сувязяў. Зацясненне кантактных здольнасцяў чалавека толькі да
сферы зямнога жыцця не толькі не вычэрпвае, але і не задавальняе яго. Кожная чалавечая
асоба носіць у сабе імкненне да трансцэндэнцыі, г. зн. да пераўзыходжання рамак часовасці,
фізічнасці, прыроды. Адсюль выцякаюць чалавечыя мары аб нябесным, боскім, бязмежным.
Для матэрыялістаў мерай гэтага пераўзыходжання становіцца пакананне космасу і сілаў
прыроды. Для людзей з прымітыўнай рэлігійнасцю, з магічным падыходам да свету, яно
выражаецца ў жаданні апанаваць звышнатуральныя моцы, або, прынамсі, іх залагодзіць
і выкарыстаць. Для асобаў, якія адкрыліся на кантакт з Аб’яўленым Богам, гэтая сувязь
будзе мець перадусім характар міжасабовых зносінаў.
Той, хто не адкрыў для
сябе свет асабістых адносінаў з Богам, будзе заўсёды пачувацца самотнікам, бессэнсоўна
згубленым у бязмежных прасторах космасу. Гэты несвядомы голад па Богу не здолеюць
заспакоіць ніякія рэчы і тварэнні. Для многіх хрысціянаў відавочна, што ніякая вера
ні ў залагоджванне духаў, ні ў касмічныя энергіі, ні ў тэхнічны прагрэс, не здолеюць
заспакоіць жадання кантактаваць з Жывым Богам. Бо ці можа канкурыраваць размыты прывід
невядома-чаго з канкрэтнай і рэальнай Асобай Хрыста – Бога і Чалавека, Збавіцеля і
Адкупіцеля, Уцелаўлёнай Любові Творцы? Ці не таму, нягледзячы на спакусы магіі і акультызму,
матэрыяльнага дабрабыту і ўцёкаў у science-fiction, чалавечая душа ўсё-роўна сумуе
па Богу-Асобе? Наколькі ж цудоўна выглядае той момант, калі чалавечае жаданне спаткання
з Усявышнім сустракаецца з такім жа, але адвечным і бескарыслівым жаданнем Бога. Тады
насустрач чалавечым пошукам выходзіць Яго Стварыцель, Айцец, які жадае не толькі аб’явіцца,
але і ўмацоўваць кантакт поўны збаўляючай любові.
Здаецца, надзвычай актуальным
выклікам для сучаснага хрысціяніна становіцца заданне сведчання аб асабістым кантакце
з Жывым Богам. Мы жывём у свеце, дзе шмат людзей пакутуе ад адсутнасці паўнавартасных
адносінаў з Богам. Усведамляючы плыткасць матэрыяльных патрэбаў, яны пераключаюцца
на пошук духоўных каштоўнасцяў. Нажаль такія асобы часта становяцца ахвярамі рэлігійных
маніпуляцый, яны гатовы верыць у прымітыўныя міфы, акультычныя абяцанкі кантакту са
звышнатуральнымі істотамі. А за ўсёй гэтай драмай ляжыць глыбіннае і натуральнае для
чалавека жаданне вярнуцца ў Дом Айца, аднавіць паўнавартасныя адносіны з Богам. Жадаючы
нейкім чынам вырвацца ад бессэнсоўнасці часовага жыцця, душа чалавека не жадае згадзіцца
на вегетацыю, на ўзровень жыцця жывёлы. Чалавек адчувае ў сабе дзіця Вечнасці. Заўважаючы
гэту натуральную схільнасць чалавека да пошуку звышнатуральнага кантакту з Богам-
Асобай, Тэртуліян у першыя вякі хрысціянства пісаў, што чалавечая душа па сваёй натуры
– хрысціянка. Бо менавіта ў хрысціянскім Аб’яўленні Бог адказвае на ўсе тугі і спадзяванні,
якое тысячагоддзямі выношвала грэшнае чалавецтва, пазбаўленая паўнавартаснага кантакту
з Богам.
Усведамленне вялікага скарбу, удзельнікам якога стаў кожны, хто прыняў
святое хрышчэнне, з’яўляецца нагодай, каб няспынна адкрываць скарб асабістых адносінаў
з Богам і іх умацоўваць. Здаецца не будзе перабольшваннем сказаць, што чым мацнейшы
персанальны кантакт хрысціяна з Богам, тым мацнейшая будзе яго евангельская ідэнтычнасць,
хрысціянская самасвядомасць. Шматвяковы досвед хрысціянства паказвае, што ў асабістым
кантакце з Богам, мацаваным сакрамэнтальным служэннем Касцёла, для чалавека адкрываюцца
далягляды пазнання і самапазнання. Гэты асабісты і сумесны ў супольнасці вернікаў
кантакт з Панам з’яўляецца найлепшай школай сведчання веры, каб яе адкрываць і развіваць
не толькі для сябе, але дзяліцца з кожным, каго Бог паставіць на нашым жыццёвым шляху.