З часу пачатку ваеннага
канфлікту ў Лівіі многія касцёлы апусцелі, бо хрысціяне імкліва пакідаюць гэту краіну.
Так, у адным з храмаў горада Бенгазі, галоўнага цэнтра паўстанцкіх сілаў, з 1000 парафіян
засталося толькі 40, паведамляе сайт "Christian Post".
Па словах пробашча гэтай
супольнасці кс. Полы Ешака, хрысціян прымушае бегчы з краіны не страх перад ганенням
і не рэжым Муамара Кадафі, а вайна. Святар заўважыў, што, нягледзячы на пераважна
мусульманскае насельніцтва Лівіі, хрысціяне ў гэтай краіне заўсёды карысталіся свабодай
веравызнання. Па словах каталіцкага біскупа Бенгазі Сільвестра Магро, перад вайной
у яго дыяцэзіі на ўсходзе Лівіі жыло 10 тыс. католікаў, зараз іх засталося толькі
некалькі сотняў.
Паводле апошніх дадзеных, прыкладна паўмільёна жыхароў Лівіі
ўжо пакінулі межы краіны, уцякаючы ў Туніс, Егіпет і іншыя суседнія дзяржавы. Тым
жа, хто застаўся ў Лівіі, прыходзіцца цярпець нягоды з-за пашкоджання інфраструктуры,
спынення працы шматлікіх службаў і недахопу запасаў паліва, прадуктаў харчавання і
медыкаментаў.