2011-05-23 11:58:54

Бэнэдыкт XVI прыняў на аўдыенцыі дэлегацыі Македоніі і Балгарыі


RealAudioMP3 23 мая Бэнэдыкт XVI прыняў на аўдыенцыі дэлегацыю Македоніі, якая прыбыла ў Рым з нагоды свята св. Кірыла і св. Мятода, што адзначаецца на Балканах 24 мая. У склад дэлегацыі ўвайшлі Прэзідэнт Македоніі, шматлікія члены ўрадаў, а таксама прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы і Каталіцкага Касцёла.

У сваёй прамове Пантыфік адзначыў, што св. Кірыл і св. Мятод абвяшчалі Евангелле негледзячы на шматлікія цяжкасці, і дзякуючы іх намаганням пачалося развіццё славянскай цылізацыі і культуры. “Сведчанне святых застаецца актуальным для тых, хто сёння служыць Евангеллю, а таксама для тых, хто пакліканы кіраваць народамі. - сказаў Святы Айцец - Божае Аб’яўленне, якое апосталы славян зрабілі зразумелым і даступным кожнаму, стала крыніцай адзінства розных культур і традыцый”. “У прыняцці Божага плана збаўлення, народы могуць адшукаць фундамент для будаўніцтва цывілізацый і грамадстваў згодна з духам прымірэння і мірнага сумеснага жыцця”, - сказаў да прадстаўнікоў македонскай дэлегацыі Бэнэдыкт XVI.

Таксама, з нагоды свята св. Кірыла і св. Мятода на сустрэчу з Папам у Рым прыбыла ўрадавая дэлегацыя з Балгарыі. У сваім звароце да яе членаў Пантыфік адзначыў, што еўрапейскім народам, якія ў гэтыя гады сустракаюцца з новым перспектывамі супрацоўніцтва, св. Кірыл і св. Мятод нагадваюць аб адзінстве, што грунтуецца на супольных хрысціянскіх каранях. “Сёння важна, каб Еўропа ўзрастала таксама ў духоўным вымярэнні. - сказаў Бэнэдыкт XVI - Адзінства кантынента, якое прагрэсіўна і свядома развіваецца, і якое абараняецца ў палітычнай сферы, уяўляе сабой вялікую перспектыву надзеі. Еўрапейцы пакліканы спрыяць стварэнню ўмоваў глыбокай згуртаванасці і супрацоўніцтва паміж народамі”. “Каб будаваць новую Еўропу на салідным фундаменце не дастаткова толькі клапаціцца аб эканамічных інтарэсах, але трэба абапірацца на сапраўдныя каштоўнасці, якія грунтуюцца на ўніверсальным маральным законе, запісаным у сэрцы кожнага чалавека”, - адзначыў Бэнэдыкт XVI.







All the contents on this site are copyrighted ©.