2011-05-23 16:01:50

Арцыбіскуп Тамазі ў ААН: развіццё асобы залежыць не толькі ад эканамічных фактараў


RealAudioMP3 23 мая прэс-служба Апостальскай Сталіцы апублікавала даклад арцыбіскупа Тамазі, прадстаўлены падчас IV канферэнцыіі ААН па праблемах найменш развітых краін, якая праходзіла ў Стамбуле 9-13 мая.

У сваёй прамове ватыканскі іерарх адзначыў, што ў шматлікіх бедных краінах рост адбываецца толькі ў сферах дабычы і экспарту прыродных рэсурсаў, аднак іншыя сферы эканомікі застаюцца вельмі неразвітымі. Гэта з’яўляецца прычынай нероўнага размеркавання даходаў і вялікага беспрацоўя. На думку арцыбіскупа Тамазі, “у некаторых краінах, напрыклад такіх як Уганда, Эфіопія, Гана і Кенія, некаторае вырашэнне гэтых праблем стала магчымым праз інвестыцыі і развіццё сельскагаспадарсчага сектара”. Іерарх, дадаў, што Апостальская Сталіца падтрымлівае праграмы ААН па асобнаму аналізу сітуацыі ў кожным з рэгіёнаў з улікам іх асаблівасцяў.

“У той жа час Апостальская Сталіца прапаноўвае звярнуць увагу на тры важныя аспекты”. Першы з іх тычыцца фундаментаў “інтэгральнага развіцця чалавека”, г.зн., павагі да годнасці, правоў чалавека, абароны жыцця, спрыяння развіццю субсідыярнасці, салідарнасці і адукацыі. Другая сфера – гэта фактары, якія ўплываюць на інтэгральнае развіццё чалавечай асобы. “Мы павінны прызнаць, што развіццё асобы залежыць не толькі ад эканамічных фактараў, але і ад духоўнага росту. - адзначыў іерарх - Эканамічныя паказчыкі не ў стане ацаніць у поўнай меры трансцэндэнтнага вымярэння чалавека”. Нарэшце трэццяя тэма, на якую звярнуў увагу прадстаўнік Апостальскай Сталіцы ў ААН іерарх, гэта роля дзяржавы ў спрыянні “інтэгральнаму развіццю чалавека”. Арцыбіскуп Тамазі заклікаў да салідарнасці з беднымі краінамі і адзначыў, што зараз настаў час на ажыцяўленне шматлікіх абяцаняў, якія робяцца на працягу дзесяцігоддзяў.







All the contents on this site are copyrighted ©.