2011-05-22 13:45:09

Бэнэдыкт XVI: Бога можна ўбачыць, Ён бачны ў Хрысце


RealAudioMP3 Ісці шляхам Хрыста і бачыць у Яго абліччы Бога Айца, заклікаў Бэнэдыкт XVI вернікаў у разважаннях перад нядзельнай малітвай “Regina Caeli” 22 мая ў Ватыкане. Ён падкрэсліў, што дзякуючы Божаму Сыну, Айцец стаў бачным і дазволіў нам убачыць сябе.

Дарагія браты і сёстры! - сказаў Папа

Сённяшнее Евангелле Пятай Велікоднай нядзелі прапануе падвойную запаведзь веры: верыць у Бога і верыць у Езуса. Бо Пан кажа сваім вучням: "Верце ў Бога і ў Мяне верце" (Ян 14,1). Гэта не два асобных аспекты, але вызнанне веры, поўнае далучэнне да збаўлення, здзейсненага Богам Айцом праз Яго Адзінароднага Сына. Новы Запавет паклаў канец нябачнасці Айца. Бог паказаў свой твар, як гэта пацвярджае адказ, дадзены апосталу Філіпу Езусам: "Хто Мяне бачыў, бачыў і Айца" (Ян 14,9). Сын Божы сваім уцелаўленнем, смерцю і ўваскрэсеннем вызваліў нас ад рабства граху, каб даць нам свабоду дзяцей Божых, і дазволіў нам убачыць аблічча Бога, які ёсць любоў: Бога можна ўбачыць, Ён бачны ў Хрысце. Святая Тэрэза з Авілы піша, што "не належыць нам свядома адварочвацца ад святой чалавечнасці Пана нашага Езуса Хрыста, у якім ўсё наша добро і надзейны лек на ўсе беды нашы" (Унутраная крэпасць, гл. 7, 6). Такім чынам, толькі тады, калі мы верым у Хрыста, застаючыся ў зносінах з Ім, вучні, якімі мы таксама з'яўляемся, могуць праводзіць далей сваю бесперапынную дзейнасць у гісторыі: "Сапраўды, сапраўды кажу вам: - кажа Пан - хто верыць у Мяне, будзе рабіць учынкі, якія Я раблю"(Ян 14,12).

Вера ў Езуса ўключае Яго наследаванне штодня, у простых справах, якія складаюць наш дзень. "Бо таямніцы Божай адпавядае дзеянне ў паслухмянасці. Ён паступова будуе ў вялікай гісторыі чалавецтва сваю гісторыю. Становіцца чалавекам, але так, што можа быць непрызнаным сваімі сучаснікамі, ўплывовымі сіламі гісторыі. Пакутуе і памірае, а як Уваскрослы хоча прыйсці да чалавецтва толькі праз веру сваіх, якім паказвае сябе. Ён увесь час пакорна стукаецца ў дзверы нашых сэрцаў, і калі адчыняем, павольна дазваляе нам "бачыць" (Езус з Назарэта II, 2011; 306). Св. Аўгустын кажа, што "неабходна, каб Есус сказаў: "Я – дарога і праўда, і жыццё" (Ян 14,6), бо пазнаўшы шлях, застаецца толькі пазнаць мэту" (Трактат аб Евангеллі св. Яна, 69,2.: CCL 36,500), а мэтай з'яўляецца Айцец. Такім чынам, для хрысціян, для кожнага з нас, шлях да Айца, гэта паставіць на чале Езуса, Яго слова Праўды і прыняць дар Яго Жыцця. Атаясамліваемся з заклікам св. Бонавентуры: "Так расплюшчы вочы, адкрый духоўнае вуха , расчыні вусны і адкрый сваё сэрца, каб ва ўсіх стварэннях мог бачыць, чуць, праслаўляць, любіць, ушаноўваць, славіць і захапляцца сваім Богам" (Вандроўка розуму да Бога, І, 15) .

Дарагія сябры, абавязак абвяшчэння Езуса Хрыста, "дарогі, праўды і жыцця" (Ян 14,6) з'яўляецца галоўнай задачай Касцёла. Будзем прасіць Дзеву Марыю, каб заўсёды дапамагала Пастырам і тым, хто ў розных паслугах абвяшчае радасную навіну пра збаўленне, каб Божае Слова распаўсюджвалася, а колькасць вучняў павялічвалася (пар. Дз 6,7)".

Пасля разважанняў і марыйнай малітвы Папа ўдзяліў сабраным на Плошчы св. Пятра ў Ватыкане сваё апостальскае благаслаўленне, а затым павітаў іх на французскай, англійскай, нямецкай, іспанскай, партугальскай і польскай мовах. Ён павітаў таксама ўдзельнікаў двух беатыфікацый: учарашняй – у Лісабоне, дзе была абвешчана благаслаўлёнай сястра Марыя Клара, і сённяшняй – у Сальвадоры да Бая, дзе адбыліся беатыфікацыйныя ўрачыстасці сястры Дульсэ. Пантыфік скіраваў сваё прывітанне ўдзельнікам Міжнароднай экуменічнай сустрэчы за мір, якая праходзіць ў Кінгстане на Ямайцы.







All the contents on this site are copyrighted ©.