2011-05-21 13:45:24

Сеанс сувязі Святога Айца з астранаўтамі


RealAudioMP3 21 мая ў 13.11 паводле рымскага часу адбыўся сеанс сувязі Святога Айца з Міжнароднай касмічнай станцыяй у сувязі з заканчэннем місіі і апошнім палётам амерыканскага карабля з серыі “Shutle Endeavour”. Спачатку планавалася, што ў сеансе прымуць удзел 9 з 12 астранаўтаў, аднак у выніку былі прысутныя два экіпажы ў поўным складзе. Спачатку камандзір місіі расійскі касманаўт Дзмітрый Кандрацьеў прадставіў усіх членаў экіпажа, сярод якіх былі два італьянцы. Затым Святы Айцец звярнуўся са сваім кароткім словам да астранаўтаў.

“Я вельмі рады, што маю гэту ўнікальную магчымасць размаўляць з вамі падчас вашай місіі. - сказаў Бэнэдыкт XVI - Асабліва ўдзячны за магчымасць звяртацца да такой шматлікай группы, калі два экіпажы знаходзяцца разам на касмічнай станцыі”.

Папа падкрэсліў, што чалавецтва перажывае перыяд надзвычай хуткага прагрэсу ў галіне навуковых ведаў і тэхнічных даследаванняў. “Вы з'яўляецеся нашымі прадстаўнікамі – піянерамі ў адкрыванні чалавецтву новых прастораў і магчымасцяў для будучыні, выходзячы за рамкі абмежаванняў нашага штодзённага існавання”, - адзначыў ён.

“Мы ўсе захапляемся вашай мужнасцю, а таксама дысцыплінай і адказнасцю, з якімі вы падыходзіце да гэтай місіі. - сказаў Папа - Мы перакананыя, што вас натхняюць высакародныя ідэалы, і што вы маеце намер аддаць вынікі вашых даследаванняў і намаганняў у распараджэнне ўсяго чалавецтва, для агульнага дабра”.

Папа меў магчымасць таксама задаць некалькі пытанняў астранаўтам. У першым з іх Святы Айцец закрануў тэму войнаў і канфліктаў. “З касмічнай станцыі, - сказаў ён - вы маеце зусім іншы погляд на Зямлю. Вы пралятаеце над розных кантынентамі і краінамі некалькі разоў у дзень. Я думаю, што для вас асабліва відавочна, што мы ўсе жывем разам на адной зямлі і як абсурдна тое, што мы змагаемся і забіваем адзін аднаго”

Святы Айцец запытаўся таксама ў астранаўтаў, да чаго на іх думку людзі павінны быць больш уважлівымі на зямлі, што яны хацелі б пераказаць маладым пакаленням, якія будуць карыстацца вынікамі іх адкрыццяў? Папу таксама цікавіла пытанне ўспрымання астранаўтамі Стварыцеля сусвету, які яны назіраюць з перспектывы космасу і ці зменяцца іх адносіны да стварэння і Стварыцеля пасля вяртання на Зямлю?

Дыялог адбываўся ў большай меры па ангельску. На заканчэнне сеансу сувязі з касмічнай станцыяй Святы Ацец удзяліў усім 12 астранаўтам апостальскае благаслаўленне.







All the contents on this site are copyrighted ©.