2011-05-21 11:45:33

Рым: генеральная асамблея “Caritas internationalis”


RealAudioMP3 З 22 па 27 мая ў Рыме пройдзе 19 генеральная асамблея міжнароднай арганізацыі “Caritas internationalis”, на якую збяруцца каля 300 дэлегатаў з усяго свету. Сёлета адзначаецца 60 гадавіна заснавання гэтай канфедэрацыі. Удзельнікі форума будуць прыняты на спецыяльнай аўдыенцыі Святым Айцом, а св. Імшу ў дзень адкрыцця прац будзе цэлебраваць кардынал Дзяржсакратар Тарчызіо Бэртонэ.

Міжнародная арганізацыя “Caritas internationalis” аб’ядноўвае 165 нацыянальных “Caritas” і сваёй галоўнай мэтай лічыць каардынацыю іх дзейнасці ў выпадках надзвычайных сітуацый і крызісаў. Яе старшынёй з’яўляецца кардынал Оскар Андрэс Радрыгес Марад’яга, арцыбіскуп Тэгучыгальпа.

У 2004 г. папа Ян Павел ІІ надаў арганізацыі “Caritas internationalis” статус кананічна-прававой асобы, улічваючы характар нацыяльнаных і дыяцэзіяльных “Caritas”, якія з’яўляюцца афіцыйнымі органамі дабрачыннай дзейнасці Касцёла, а таксама ў прызнанне вялікіх заслуг канфедэрацыі, якая на працягу дзесяцігоддзяў працуе для дабра Касцёла і чалавецтва.

Падчас рымскага форума будзе абмеркаваны план працаў арганізацыі на бліжэйшыя чатыры гады.







All the contents on this site are copyrighted ©.