Біскуп Блін: катэдра – месца асаблівай лучнасці вернікаў з біскупам
Біскуп Віцебскі Уладзіслаў
Блін звярнуўся з адмысловым пасланнем да вернікаў у сувязі з урачыстацямі абвяшчэння
новага катэдральнага касцёла Віцебскай дыяцэзіі. Іерарх нагадаў, што катэдра з’яўляецца
знакам адзінства вернікаў з біскупам. “Гэта ў ёй знаходзіцца асаблівае месца: біскупскі
трон – кафедра, з якой біскуп звяртаецца са сваёй навукай да верных, і менавіта ў
гэтай святыні падчас найважнейшых урачыстасцяў збіраецца вакол свайго біскупа народ
Божы”.
Біскуп нагадаў, што Віцебская дыяцэзія існуе ўжо больш за 10 год. “За
гэты час умацавалася інфраструктура касцёлаў у Віцебску. Таму па жаданні Святога Айца
Бэнэдыкта XVI новазбудаваная святыня Езуса Міласэрнага ў Віцебску была ўзведзена да
тытулу катэдральнага касцёла Віцебскай дыяцэзіі”.
Урачыстасць абвяшчэння новага
катэдральнага касцёла адбудзецца 18 чэрвеня 2011 г. у 12.00 гадзін. Яна будзе аб'яднана
з працэсіяй Божага Цела, якая ў гэтым годзе будзе папярэднічаць урачыстай св. Імшы.
Распачнецца працэсія ад касцёла Святога Духа ў 11.00 гадзін, яе канчатковай мэтай
стане новая катэдра Езуса Міласэрнага.
Біскуп Блін асаблівым чынам заклікае
да ўдзелу ў працэсіі дзяцей, моладзь, парафіяльныя хоры і малітоўныя групы, арганізатараў
парафіяльных працэсій разам з харугвамі і іншымі атрыбутамі веры і нацыянальнай культуры.
На ўрачыстасць запрошаны шматлікія госці з Беларусі і з-за мяжы.