Філіпіны: Касцёл спыняе дыялог па "рэпрадуктыўным здароўі"
Біскупская Канферэнцыя
Філіпін канчаткова спыніла дыялог з урадам і Прэзідэнтам краіны Бенігно Акіна па спрэчным
законапраекце "Аб рэпрадуктыўным здароўі". Працяг перамоваў не мае сэнсу, паведаміў
19 мая інтэрнэт-партал біскупскай канферэнцыі ў адмысловай заяве на гэтую тэму. Рашэнне
было прынята пасля заявы Акіна, у якой ён абвясціў аб падтрымцы законапраекта, нягледзячы
на магчымае адлучэнне ад Касцёла.
Спрэчны закон "Аб рэпрадуктыўным здароўі"
прадугледжвае, у прыватнасці, палавое выхаванне ў школах, а таксама дазваляе бальніцам
і медыцынскім цэнтрам выдаваць кантрацэптыўныя сродкі бясплатна бедным. Аўтары сцвярджаюць,
што дзякуючы новаму закону палепшыцца медыцынская і сацыяльная дапамога маладым жанчынам
і будучым маці.
Прэзідэнт пасля спынення дыялогу звярнуўся да Касцёла з прапановай
працягнуць працу па пытаннях, у якіх меркаванні Касцёла і дзяржавы з'яўляюцца ідэнтычнымі.
У якасці прыкладаў, Бенігно Акіна назваў: барацьбу з беднасцю і працэс мірнага ўрэгулявання
з камуністычнымі і мусульманскімі паўстанцамі.