18-19 мая ў Рыме праходзіла
сустрэча Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу з прадстаўнікамі Каралеўскага інстытута
міжрэлігійных даследаванняў з Амману, сталіцы Іарданіі. Тэмай перамоваў стала: “Важнасць
агульных каштоўнасцяў у адукацыі хрысціян і мусульман”. Працамі форума кіравалі кардынал
Жан-Луі Туран, старшыня ватыканскай дыкастэрыі і дырэктар іарданскага інстытута, прафесар
Камэль Абу Ябэр.
“Сярод гуманістычных каштоўнасцяў, якія падтрымліваюцца і
хрысціянамі, і мусульманамі знаходзіцца перакананне аб святасці чалавечага жыцця,
яго годнасці і неад’емных правах, якія вынікаюць з гэтага, - гаворыцца ў паведамленні
прэс-службы Апостальскай Сталіцы. Калі справа тычыцца рэлігійных каштоўнасцяў, некаторыя
з іх – агульныя для абедзьвух рэлігій, а іншыя спецыфічныя для кожнай. Таму важна
паказаць падабенствы і вызначыць адрозненні”.
Удзельнікі форума выказалі перасцярогу
перад фарміраваннем у адукацыйным працэсе антаганістычных ці канфліктных настрояў.
Звярнулі ўвагу на неабходнасць укаранення ў маладых людзях як іх уласнай рэлігійнай
ідэнтычнасці, так і адкрытасці на іншых.
Абодва бакі дамовіліся правесці наступнае
пасяджэнне праз два гады. Яго папярэдзіць падрыхтоўчая сустрэча.