У сталіцы Ямайкі Кінгстане
праходзіць Міжнародная экуменічная сустрэча за мір пад дэвізам: “Хвала Богу, мір на
зямлі”. У працах, якія працягнуцца да 25 мая, прымае ўдзел больш за тысячу рэлігійных
лідэраў і актывістаў у барацьбе за мір у свеце. Арганізатарам сустрэчы выступіла Сусветная
рада цэркваў, яна прымеркавана да заканчэння Дэкады барацьбы з насіллем, якая была
абвешчана ў 2001 г.
Удзельнікаў форума павітаў прэм’ер карыбскай краіны Брус
Голдзінг. Ён пажадаў, каб гэта вялікая міжнародная сустрэча стала з’явай, якая будзе
натхненнем для іншых і сама будзе чэрпаць натхненне з акружаючага яе асяроддзя.
Генеральны
сакратар Сусветнай рады цэркваў, нарвежскі лютэранскі пастар Олаф Фікс Твейт прапанаваў,
каб найбліжэйшую нядзелю 22 мая прысвяціць справе міру, молячыся ў гэтай інтэнцыі
і распавядаючы аб гэтым вернікам.
Гэтую ініцыятыву падтрымаў Канстантынопальскі
Патрыярх Барталамей І. Ён скіраваў адмысловы ліст да ўсіх дыяцэзій і парафій свайго
Патрыярхата. Іерарх адзначыў, што міжчалавечыя канфлікты часта непазбежныя, але трэба
адмовіцца ад гвалту і вайны. “Нашы намаганні ў дасягненні міру з’яўляюцца часта неэфектыўнымі,
бо мы не можам адмовіцца ад спажывецтва і нацыяналістычных імкненняў”, - напісаў Барталамей
І.
Сусветная Рада Цэркваў была створана ў 1948 г. У яе ўваходзяць 349 супольнасцяў
розных хрысціянскіх дэнамінацый. Каталіцкі Касцёл хоць не з’яўляецца членам рады,
з 1964 г. супрацоўнічае з ёй.