2011-05-19 14:24:07

Святы Айцец адзначыў важнасць духоўнага кіраўніцтва хрысціян


RealAudioMP3 19 мая Бэнэдыкт XVI звярнуўся з прамовай да выкладчыкаў і студэнтаў Папскага тэалагічнага факультэта “Св. Тэрэзы ад Езуса і св. Яна ад Крыжа”, больш вядомага, як Папскі ўніверсітэт “Тэрэзіянум”, з нагоды 75-годдзя з дня заснавання гэтай навучальнай установы.

Папа адзначыў, што ўніверсітэт, узбагачаны вялікай духоўнай спадчынай Ордэна кармелітаў босых, мае вялікае значэнне для Касцёла, таму што менавіта кармелітанскія святыя апекуны гэтай навучальнай установы нанава адкрылі ідэалы містычнага жыцця, якія запалілі ўсю Еўропу. “Дарагія студэнты, на гэтым харызмаце таксама павінны быць пабудаваны вашы антрапалагічныя і тэалагічныя даследванні, заданне пранікнуць у таямніцу Хрыста, выкарыстоўваючы розум сэрца, які з’яўляецца адзінствам ведаў і любові. - сказаў Папа - Гэта значыць ставіць Хрыста ў цэнтр усяго – вашых пачуццяў і думак, вашага часу і малітвы, вучобы і дзейнасці, усяго вашага жыцця”.

Святы Айцец адзначыў, што ў сучасным кантэксце, глыбокае вывучэнне хрысціянскай духоўнасці павінна адштурхоўвацца ад антрапалагічных ведаў. Ён звярнуў увагу на неабходнасць атрымання мудрасці і кампетэнцыі, каб займацца духоўным кіраўніцтвам, “не толькі тых, хто жадае наследаваць Хрыста, будучы заўсёды блізка да яго, але таксама ўсіх тых, хто хоча жыць сваім Хростам, г.зн, новым жыццём у Хрысце”. Пантыфік адзначыў, што для гэтага неабходна клапаціцца аб тым, каб мець асабістыя адносіны з Богам, па прыкладу апосталаў прыняць волю Айца, г.зн., прыняць крыж. “Таксама і вы, дарагія сябры, на працягу свайго навучання набываеце скарб, неабходны для суправаджэння тых, каго Божы Провід вам даверыць”, - пажадаў Бэнэдыкт XVI студэнтам Папскага ўніверсітэта “Тэрэзіянум”.







All the contents on this site are copyrighted ©.