2011-05-18 14:07:00

Бэнэдыкт XVI: Бог хоча прабачаць, збаўляць і даваць жыццё


RealAudioMP3 У сваёй сённяшняй катэхезе падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра Бэнэдыкт XVI заклікаў наследаваць прыклад Абрагама і ў штодзённай малітве жадаць збаўлення ўсяго чалавецтва, просячы аб ім Бога, які з’яўляецца вялікай Любоўю.

Бэнэдыкт XVI адзначыў, што ў сваіх наступных катэхезах, жадае запрасіць усіх да больш глыбокага вывучэння Бібліі, для таго, каб лепш ведаць гісторыю адносінаў паміж чалавекам і Богам, “паміж Богам, які кажа да людзей і людзьмі, якія адказваюць Богу ў малітве”.

“Першы тэкст, аб якім я хацеў паразважаць знаходзіцца ў 18 раздзеле Кнігі Быцця. Ён распавядае аб беззаконні жыхароў Садома і Гаморы, якое дасягнула сваёй поўні і прымусіла Бога ўмяшацца, каб учыніць справядлівасць і спыніць яго праз разбурэнне гэтых гарадоў. І тут з’яўляецца Абрагам са сваёй малітвай заступніцтва. Бог вырашае адкрыць Абрагаму тое, што адбываецца і распавесці аб цяжарах таго зла і яго наступствах, таму што ён быў выбраннікам Божым. Яго збаўчая місія павінна была адказаць на грэх, які ўвайшоў у чалавечую рэальнасць; праз яго Пан пажадаў паказаць чалавечнасць веры, пакоры, справядлівасці. І зараз гэты сябра Бога адкрывае сябе на патрэбу свету, моліцца за тых, які павінны быць пакараны, і просіць аб збаўленні для іх”.

Папа адзначыў, што Абрагам звяртаецца да Бога з вялікай адвагай і кажа: “калі гэтыя гарады вінаватыя, справядліва пакараць іх, але будзе несправядліва пакараць усіх жыхароў”. “Калі ў горадзе ёсць нявінныя, яны не павінны разглядацца як грэшнікі. - нагадаў словы Абрагама Святы Айцец - Бог, які з’яўляецца справядлівым судзёй, не можа дзейнічаць так. Абрагам абсалютна справядліва звяртаецца да Бога”.

Бэнэдыкт XVI звярнуў увагу на тое, што Абрагам не абмяжоўваецца толькі тым, што просіць збаўлення для нявінных, але для ўсяго горада, калі ў ім знойдзецца хоць 50 нявінных. “Гаворачы так, ён па-новаму ставіць пытанне аб справядлівасці: яна не абмяжоўваецца толькі пакараннем вінаватых, як робяць людзі, але гэта справялівасць іншая, Божая. Яна шукае дабра і чыніць яго праз прабачэнне, што перамяняе грэшніка, навяртае яго і збаўляе. - сказаў Святы Айцец - Думкі Абрагама падаюцца параксальнымі, бо ён кажа аб тым, што нельга разглядаць нявінных як вінаватых, а на вінаватых трэба глядзець, як на нявінных, што звязана з “найвялікшай” справядлівасцю, якая дае ім магчымасць збаўлення”. “Гэта просьба Абрагама грунтуецца на ўпэўненасці ў тым, што Бог з’яўляецца міласэрным”, - адзначыў Папа.

“Разбурэнне Садомы павінна было спыніць зло прысутнае ў горадзе, але Абрагам ведаў, што Бог мае іншыя спосабы і іншыя сродкі, каб спыніць распаўсюджванне зла – гэта прабачэнне, якое ламае спіраль зла. Абрагам, у сваім дыялогу з Богам, просіць менавіта аб гэтым. Калі Бог згаджаецца прабачыць горад пры ўмове, што ў ім знойдзецца хаця б 50 справядлівых, яго малітва заступніцтва пачынае сягаць да самых глыбінь Божай міласэрнасці. Абрагам, як мы памятаем, пачынае памяншаць колькасць нявінных неабходных для збаўлення: калі не будзе 50 павінна хапіць і 45, і гэтак далей, аж да 10. Чым меншай становіцца колькасць, тым больш адкрываецца і праяўляецца міласэрнасць Бога, які слухае з церпялівасцю малітву, прымае і паўтарае адказ на кожную просьбу: “прабачу... не знішчу ... не зраблю”.

Папа падкрэсліў, што гэты прыклад паказвае на тое, што Бог не хоча смерці грэшніка, але хоча яго навяртання; ён заўсёды жадае прабачаць, збаўляць, даваць жыццё, перамяняць зло на дабро. “Менавіта гэта жаданне Бога ў малітве становіцца жаданнем чалавека і выражаецца ў словах заступніцтва, - сказаў Святы Айцец. - Голасам сваёй малітвы Абрагам даў голас жаданню Бога, які не хоча знішчэння, але збаўлення Садомы, жадае даць жыццё грэшніку, які навярнуўся”.

Пантыфік дадаў, што ў Садоме і Гаморы не знайшлося нават дзесяці справядлівых асобаў і гарады былі разбураны. “Бог быў адкрыты на тое, каб прабачыць, жадаў гэтага, але гарады былі зачынены, ахоплены і паралізаваны злом. - сказаў Папа - У іх нават не было некалькіх чалавек, якія маглі б перамяніць зло ў дабро. Гэта менавіта той шлях збаўлення, аб якім прасіў Абрагам: быць збаўленым не азначае толькі пазбегнуць пакарання, але вызваліцца ад зла, якое жыве з намі. Не пакаранне павінна быць знішчана, але грэх, адмова ад Бога і любові. Неабходна навярнтанне знутры, маленькі плацдарм дабра, пачатак, ад якога можна адштурхнуцца, каб перамяніць зло ў дабро, нянавісць у любоў, помсту ў прабачэнне”. “Таму, трэба, каб справядлівыя былі ў горадзе, і Абрагам пастаянна паўтараў: “магчыма тут іх знойдзем”. “Тут”: гэта ўнутры хворай рэальнасці, якая павінна быць для нас глебай для дабра, на якой можа ўзрасці жыццё”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.

Падчас сённяшняй агульнай аўдыенцыі Бэнэдыкт XVI прамовіў таксама малітву за Касцёл у Кітаі. Святы Айцец адзначыў, што 24 мая прысвечана літургічнаму ўспаміну Найсвяцейшай Марыі Панны Успамогі хрысціянаў, якая вельмі шануецца вернікамі у санктуарыі Шэшан у Шанхаі. З гэтай нагоды Папа заклікаў ўвесь Касцёл з’яднацца ў малітве за Касцёл у Кітаі. “У той час, як павялічваецца колькасць тых, хто прымае Хрыста, як свайго Пана, для іншых Хрыстус застаецца забароненым, ігнараваным і пераследаваным. - сказаў Пантыфік - Касцёл у Кітаі зараз мае асаблівую патрэбу ў малітве Паўсюднага Касцёла”. Святы Айцец нагадаў, што з Дзеяў Апосталаў мы ведаем аб тым, што калі Пётр быў у турме, усе за яго маліліся і ў выніку з’явіўся анёл, які яго вызваліў. “Так і мы павінны рабіць. - сказаў Папа - Кітайскія католікі жадаюць адзінства з Паўсюдным Касцёлам, з Найвышэйшым Пастырам, з Наступнікам Пятра”. Пантыфік расказаў, што шматлікія кітайскія біскупы пакутуюць ад пераследаў, а многія святары і вернікі не маюць магчымасці свабодна выражаць сваю веру. “Таму, нашай малітвай, мы можам дапамагчы ім знайсці шлях, каб захаваць веру, моцную надзею і любоў да кожнага”, - сказаў у сваім звароце Бэнэдыкт XVI.







All the contents on this site are copyrighted ©.